Аўтааматары збіраюцца пратэставаць, міліцыя заяўляе пра незаконнасць акцыі
На сённяшні вечар анансаваны чарговы пратэст аўтамабілістаў, якія маюць намер пратэставаць супраць павышэння кошту на паліва.
Аўтааматары сёння ўвечары збіраюцца на некаторы час заблакаваць цэнтры гарадоў, каб такім чынам выказаць сваю незадаволенасць чарговым павышэннем коштаў на паліва — на 3% ад 20 жніўня. З гэтай нагоды Еўрарадыё паразмаўляла з аўтааматарам, дырэктарам інфармацыйна-асветнай установы "За Аўта" Арцёмам Шарковым.
Шаркоў: "Акцыя будзе праходзіць па асноўных праспектах гарадоў. У Менску гэта будуць два праспекты — праспект Пераможцаў і праспект Незалежнасці. Людзі будуць ехаць з двух бакоў. На праспекце Незалежнасці гэта ад "Усхода" і ад Плошчы Незалежнасці, і недзе каля цырку будуць спыняцца. Што тычыцца праспекту Пераможцаў, ад стэлы да вуліцы Няміга — у гэтым прамежку. Аўтааматары маюць намер заблакаваць праспекты на некаторы час і тым самым выказаць свой пратэст".
На думку Шаркова, акцыя не будзе больш масавай, чым папярэдняя. Гэта звязана з тым, што павышэнне коштаў на 3% — не з'яўляецца нейкай крытычнай рысай.
Тым часам, сталічная міліцыя нагадала, што заклікі і непасрэдны ўдзел у акцыі незаконныя.