Шведскія праваабаронцы рыхтуюць новы "цацачны дэсант"
У суботу, 10 лістапада, шведская праваабарончая арганізацыя Östgruppen правядзе акцыю "Плюшавы дэсант-2".
Мядзведзікі з патрабаваннямі захавання правоў чалавека адправяцца ў Беларусь, паведамляе праваабарончы сайт "Вясна". Гэтыя цацкі прыбудуць у Беларусь абсалютна легальна — у бандэролях. Адрасатамі-атрымальнікамі з'яўляюцца беларускія чыноўнікі і палітыкі з "чорнага спісу" ЕС.
Нагадаем, што 4 ліпеня шведскі самалёт, які незаконна прыляцеў у Беларусь, скінуў каля 800 мядзведзікаў над Мінскам ды Івянцом. У выніку скандалу сваіх пасадаў пазбыліся камандуючы супрацьпаветранай абаронай і кіраўнік Памежнага камітэту.
Марцін Угла, старшыня Östgruppen, адзначае, што ў Швецыі летняя акцыя выклікала даволі шмат крытыкі, а ў Беларусі была сустрэтая пазітыўна многімі актывістамі. Новай акцыяй шведы хочуць выказаць падтрымку беларусам, якія працуюць на дэмакратызацыю сваёй краіны.
Адпраўка мядзведзікаў у Беларусь будзе праводзіцца ў цэнтры Стакгольма 10 лістапада. Удзельнікі акцыі прывязуць з сабой цацкі, а арганізатары дадуць ім адрасы атрымальнікаў з Беларусі.