"Стоп-бензін" у Мінску ўсё ж адбыўся? (ФОТА, ВІДЭА)

Увечары 3 кастрычніка ў Мінску мусіла адбыцца чарговая акцыя "Стоп-бензін", прымеркаваная да апошняга падаражэння коштаў на аўтамабільнае паліва. Аўтааматары хацелі стварыць заторы на двух адрэзках асноўных сталічных магістраляў: праспекта Незалежнасці і праспекта Пераможцаў. Удзельнікі акцыі збіраліся проста рухацца па гэтых адрэзках у любым кірунку. І разварочвацца, дабраўшыся да канцавой пазначанай кропкі, каб рухацца назад.

А 19-й карэспандэнты Еўрарадыё дзяжурылі на абодвух участках, пазначаных як месцы акцыі. Але нічога незвычайнага не адбывалася: дарожны рух быў інтэнсіўным, як заўжды ўвечары ў працоўныя дні. Але не болей. Нават супрацоўнікаў Дзяржаўтаінспекцыі на тратуарах амаль не было заўважна. Затое там з'явіліся людзі ў цывільным з відэакамерамі і фотаапаратамі ў руках.

Прыкладна ў 19:30 міма карэспандэнта Еўрарадыё, які рухаўся з Кастрычніцкай плошчы ў бок плошчы Перамогі, на шалёнай (для трактара) хуткасці пранесся эвакуатар. Ён ляцеў да двух легкавікоў, што стаялі на аварыйках на ўездзе на кола плошчы Перамогі:

Аднак да эвакуацыі справа не дайшла. Супрацоўнікі ДАІ, што прысутнічалі на месцы здарэння, дасталі рулеткі і пачалі звычайныя ў такіх выпадках замеры.

Натуральна, ні кіроўца, ні пасажыр белага Mercedes-Benz S230 (30-гадовы ветэран на беларускіх дарогах) і чуць не чулі пра тое, што на 3 кастрычніка запланаваная акцыя аўтааматараў. "Дык гэта кадэбэшнікі? — запытаўся ў карэспандэнта Еўрарадыё кіроўца аўто, паказваючы на людзей у цывільным, што сышліся да месца ДТЗ з абодвух бакоў дарогі. — А мы-то думаем, чаго яны нас увесь час здымаюць!"


На месцы кіроўцы Volkswagen, на бамперы якога быў добра бачны "шнар", што застаўся ад сутыкнення, сядзеў мужчына сярэдняга веку ў добрым касцюме. На тое, каб "дамовіцца на месцы", ён не пагадзіўся. Супрацоўнікі ДАІ скончылі замеры, і цяпер абедзве машыны чакалі складання пратакола ў кішэні ля крамы "Каравай".

"Як бы з гэтымі акцыямі правы не згубіць, - напужаўся кіроўца "Мэрсэдэса". Адна справа - аварыя, і іншая  "Стоп-бензін". Дарэчы, мы бачылі, як на эвакуатары па праспекце некуды пацягнулі дарагі "Мерсэдэс". Не такі, як наш". Што праўда, падвышэннямі коштаў на бензін кіроўца і яго сябар былі вельмі не задаволеныя. Але ў грамадскіх актывістаў гуляцца не сталі.

Тым часам людзі ў цывільным разыйшліся ад месца аварыі. Рух на праспекце ўзнавіўся, і неўзабаве ад затора, які амаль дацягнуўся да цырка, не засталося і следу.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі