Тры канцэрты ў Магілёве – пра Бога, ЦЭЦ і танцы на касцях

120409 Kotka Magilev.mp3

Вялікі “трайны канцэрт” у магілёўскім клубе Cuba чакалі доўга. Перш за ўсё, мясцовыя фанаты Akute, бо гурт абяцаў прэзентаваць новы альбом “Не існуе” (“Nie isnuje”). Таксама магілёўцы мусілі пазнаёміцца з мінскай “Петлёй Пристрастия” і новым гуртом пад называй Jonh Dou.

8 красавіка ўсе два паверхі клуба шчыльна запоўніліся людзьмі. Галоўны арганізатар івэнту Паша Яравікоў назваў лічбу ў 400 чалавек: “Мяне здзівіла, што на канцэрт прыйшло шмат нашай начной публікі. На вечарынах у нас часта гучыць драм-н-бэйс рэмікс на Akute ад дыджэя Prizma. І я бачыў, як людзі прыфігелі, пабачыўшы Akute нажыва”.


А вось Еўрарадыё шчыра прыфігела ад новага магілёўскага самародка пад назвай Jonh Dou.


Шчыльны гітарны гук, бубны, электронныя дабстэп-запілы ў стылі The Qemists і Pretty Lights і моцны вакал маладога хлопца Дзяніса Астапава, які трансляваў у публіку рэп-малітвы “пра боль, пра страх, пра жыццё, пра смерць, пра Бога – ёсць ён, ці яго няма?”

Гэта быў усяго трэці канцэрт гурта, і першы перад такой вялікай аўдыторыяй. І адразу поспех.

Наведвальніца Каця: “John Doe! Я была вельмі здзіўленая іх аддачай, энергетыкай. Гэта проста шыкоўна! Магілёўскі рок руліць па-любому!”

На што ж варты рок мінскі, паказвала “Петля Пристрастия”. Яны толькі прыехалі з Гомеля, нявыспаныя і крыху стомленыя, але на канцэрт гэта не паўплывала. Прыйшлі, адбамбілі, сарвалі апладысменты.

Закрывалі канцэрт мясцовыя каралі Akute, як заяўлялася, прэзентацыяй новага альбома. Але пільныя фанаты новай праграмы асабліва не пачулі.

Ваня і Раман: “Гэта складана назваць прэзентацыяй. Яны сыгралі толькі некалькі песень з новага альбома. А збольшага сыгралі старую добрую праграму”.


У новых песнях прыхільнікі заўважылі “крыху больш дэпрэсіўнасці” у параўнанні са старым матэрыялам і патлумачылі гэта як “2012 год, канец свету. Чаму б і не”.

Дарэчы, да канца свету Еўрарадыё і 34mag маюць намер наведаць з канцэртам яшчэ адзін беларускі горад. І гэта будзе... Брэст!

Больш фота з канцэрту глядзіце ў Фэйсбуку Еўрарадыё.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі