Турзлёт прафсаюза РЭП аштрафавалі за развядзенне вогнішча
Мерапрыемства праходзіла ў вёсцы Брылі Барысаўскага раёна і было ўзгодненае з мясцовым лясніцтвам.
30 чэрвеня ў лесе сабраліся прадстаўнікі незалежнага прафсаюза радыёэлектроннай прамысловасці разам з сем’ямі, усяго болей за 40 чалавек, піша Салідарнасць. Увечары таго дня на месца правядзення турзлёту прыехалі супрацоўнікі Барысаўскай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. Яны прапанавалі ўдзельнікам мерапрыемства сысці. Нібыта асоба, якая дала пісьмовую згоду на правядзенне злёту, не мела на гэта права. Прафсаюзы, аднак, адмовіліся выконваць гэтае патрабаванне.
1 ліпеня па абедзе на месца прыбыў “уазік” з пяццю міліцыянтамі і начальнікам інспекцыі прыродных рэсурсаў Паяркавым. Ва ўсіх удзельнікаў мерапрыемства праверылі дакументы і склалі пратаколы за самавольнае развядзенне агню ў лесе.
Пасля гэтага затрымалі семярых чалавек, паведаміў у сваім Фэйсбуку актывіст прафсаюза РЭП Андрэй Стрыжак. Шасцярых неўзабаве прывезлі назад у лес, даўшы ім штраф па 0,5 базавай велічыні кожнаму (па 50 тысяч рублёў). Адзін застаўся ў ізалятары да суда.