У Гомелі ўпершыню выбралі лепшую жанчыну-кіроўцу (фота)
Конкурс, які прайшоў 11 сакавіка, атрымаў назву “Аўтасеньярыта”. Яго ініцыятарам выступіла абласная Дзяржаўтаінспекцыя.
Сярод 12 жанчын-кіроўцаў выбіралі найлепшую ўладальніцу аўтамабіля на гомельскіх дарогах.
Сам конкурс прайшоў у тры этапы: медыя-прэзентацыя свайго аўто пад назвай “Мой ласкавы жалезны звер”, дэманстрацыя ўменняў кіраваць сваім чатырохколавым сябрам і здача іспыту тэорыі кіравання.
Самым відовішчным, безумоўна, было кіраванне аўтамабілем. Перад пачаткам спаборніцтваў кожная ўдзельніца прайшла “алкатэст”.
А пераможцай стала доктар-педыятар адной з гомельскіх лякарняў Вольга Быкава. На асноўных выпрабаваннях яна зрабіла не толькі ўсе бездакорна, але і з найлепшым вынікам часу. Апроч адмысловага дыплома і звання “Аўтасеньярыты-2013” Вольга атрымала галоўны падарунак конкурсу — відэарэгістратар.
Да галоўнай жа ўзнагароды былі далучаны намінацыі “Аўта-Інтэлект”, “Аўта-Хараство”, “Аўта-Хуткасць” і “Аўта-Лэдзі глядацкіх сімпатый”.