У Канадзе знайшлі аднаго з "хатынскіх катаў"
91-гадовы пчаляр Уладзімір Катрук быў камандзірам узвода ва ўкраінскім 118-м ахоўным паліцэйскім батальёне.
Катрук лічыцца чацвёртым у спісе цэнтра Сімона Візэнталя — праваабарончай арганізацыі, які шукае нацысцкіх злачынцаў па ўсім свеце. Праваабаронцы з цэнтра Візэнталя настойваюць на яго экстрадыцыі ў Еўропу, дзе ён можа быць адпраўлены пад суд, паведамляе партал DELFI.
Паводле даследаванняў гісторыка ўніверсітэта ў Лундэ (Швецыя) Пера Андэрса Рудлінга, Катрук асабіста ўдзельнічаў у забойстве жыхароў Хатыні. Па звестках аднаго з відавочцаў, задача Катрука была ў тым, каб расстрэльваць тых, хто спрабаваў выбегчы з адрыны і выратавацца ад агню.
У Канаду Катрук эміграваў у 1951 годзе. Разам з жонкай ён жыве на ўласнай невялікай ферме ў мястэчку Ормстаун недалёка ад Манрэаля. Ён зарабляе на продажы мёда з уласнага пчальніка.
Фота — news.404.ru