У Мінску з офіса збіраліся высяляць праваабаронцаў "Вясны"
Судовыя выканаўцы прыйшлі са спазненнем, але, пабачыўшы журналістаў, не рашыліся зайсці ў пад'езд.
17.58. Жонка Алеся Бяляцкага Наталля Пінчук не дачакалася прыходу судовых выканаўцаў, сыйшла. Таму сёння высялення дакладна не будзе — без прысутнасці спадарыні Пінчук гэта немагчыма.
17.50. Прыйшлі два чалавекі, праўдападобна, судовыя выканаўцы. Аднак, пабачыўшы журналістаў, у пад'езд не пайшлі. Пастаялі каля дома, папрасілі ў аднаго з прысутных фотакарэспандэнтаў цыгарэтаў і сыйшлі...
17.35. Каля офіса сабраліся каля 15 чалавек — праваабаронцы, журналісты. Судовых выканаўцаў пакуль няма, хаця час, імі прызначаны, ужо прайшоў. Як кажуць праваабаронцы, у кватэры засталася шафы, сталы, крэслы і адзін тэлефон. Ніякай кампутарнай тэхнікі ў кватэры даўно няма.
17.10. Cудовыя выканаўцы пакуль не прыехалі. Як высветлілася, яны патэлефанавалі ў офіс і паведамілі пра свой прыезд. Праваабаронцы чакаюць іх каля дома. Верагодна, сёння будзе апісаная для канфіскацыі маёмасць і апячатаная кватэра.
16.40. Пра прыход судовых выканаўцаў у сацыяльных сетках паведаміла праваабаронца Таццяна Равяка (на здымку).
***
Як паведамляе сайт spring96.org, кватэра на праспекце Незалежнасці 78А-48, у якой месціцца офіс Праваабарончага цэнтру “Вясна”, была набытая ў 2000 годзе. Па ўзгодненым рашэнні Рады ПЦ “Вясна” кватэра была аформленая на прыватную асобу, у ёй быў афіцыйна зарэгістраваны Алесь Бяляцкі. Дзякуючы таму, што офіс з’яўляўся прыватнай уласнасцю, “Вясна” змагла прапрацаваць у ім 11 апошніх гадоў.
Нагадаем, праваабаронца Алесь Бяляцкі быў асуджаны ў лістападзе 2011 года на 4,5 года калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці. Яго звінавацілі ў нявыплаце падаткаў з замежных рахункаў. Насамрэч грошы на тых рахунках прызначаліся на праваабарончую дзейнасць. Краіны ЕС, ЗША, праваабаронцы лічаць яго палітвязнем і патрабуюць неадкладнага вызвалення.
Бяляцкі ў цяперашні час знаходзіцца ў бабруйскай калоніі, працуе на швейнай вытворчасці, дзе займаецца пакаваннем гатовай прадукцыі.
У красавіку стала вядома пра з'яўленне новых фінансавых прэтэнзій да Алеся Бяляцкага. Палітвязень атрымаў рашэнне суду Першамайскага раёну сталіцы ад 29 сакавіка. У ім паведамляецца "аб спагнанні пені" ў суме 140 мільёнаў 266 тысяч 151 рубель і дзяржаўнага мыта — 7 мільёнаў 13 тысяч 307 рублёў.
Раней, дзякуючы складкам, кампенсацыя нанесенай "шкоды дзяржаве" (больш за 721 мільён рублёў) і дзяржаўнае мыта (больш за 36 мільёнаў) былі цалкам сплачаныя. Аднак высветлілася, што існуюць і іншыя фінансавыя прэтэнзіі да Бяляцкага — пені за пратэрмінаваную сплату падаткаў.
Нядаўна стала вядома, што была апісаная маёмасць на лецішчы Алеся Бяляцкага ў Ракаве.
Алесь Бяляцкі падчас судовага працэсу. Фота — bymedia.net