У Мінску затрымалі актывістку “Еўрапейскай Беларусі”
Алена Лазарчык была затрыманая 8 сакавіка ў Мінску, у той момант, калі яна расклейвала плакаты з партрэтам палітвязня Андрэя Саннікава.
Міліцыя затрымала дзяўчыну ля станцыі метро “Спартыўная”. Яе адвялі ў пакой міліцыі на станцыі метро, а затым даставілі ў Фрунзенскі РУУС, інфармуе БелаПАН.
Нагадаем, што 8 сакавіка Андрэю Саннікаву споўнілася 58 гадоў. Актывісты “Еўрапейскай Беларусі” ладзілі ў розных рэгіёнах краіны акцыю, мэтай якой было нагадаць людзям пра лёс палітыка, асуджанага за падзеі 19 снежня 2010 года да 5 год калоніі.