У Наваполацку жыхары дамагліся рамонту двароў

У дварах дамоў №137 і 145 па вуліцы Маладзёжнай у Наваполацку камунальнікі заасфальтавалі дарогі, зрабілі ходнікі і месцы для парковак. Каб мясцовая ўлада звярнула ўвагу на праблему занядбанасці двароў, давялося правесці грамадзянскую кампанію. Распавядае актывіст  “Гавары праўду” Яраслаў Берніковіч:


Кампанію мы распачалі ў Наваполацку яшчэ ў снежні мінулага году. Да мяне звярнуліся сябры, якія паведамілі, што дарогі разбітыя, як пасля Сталінградскіх баёў. Я кажу, давайце пазбіраем подпісы і паглядзім, што з гэтага атрымаецца. Сабралі подпісы, выслалі іх мясцовым ўладам, прыходзілі адказы, што праблему яны разумеюць, аднак на яе вырашэнне няма сродкаў”.


Актывіст адзначае, што ўздымаў праблему рамонтаў двароў таксама і падчас сваёй перадвыбарчай кампаніі, калі балатаваўся ў Палату прадстаўнікоў пятага склікання. Каб неяк разварушыць мясцовыя ўлады, актывісты сабралі больш за 300 подпісаў у праблемных дварах. Подпісы яны выслалі мясцовым чыноўнікам. Актывісты палічылі, што такой колькасці падпісантаў будзе дастаткова, каб улады нарэшце звярнулі ўвагу на калектыўны зварот.

Калі ж днямі Яраслаў Берніковіч наведаў Наваполацк, то ўбачыў, што праблема ўжо вырашаная. Працягвае Яраслаў Берніковіч:

Улады ў дварах праводзілі сходы мясцовых жыхароў. Праўда, першы раз на такі сход прыйшлі ўсяго два чалавекі. Аднак наступныя сходы збіралі па 20 і болей чалавек. Там людзі ўздымалі не толькі пытанні рамонту двароў. Паслухаць усё гэта было вельмі цікава”.

Актывіст кампаніі “Гавары праўду” задаволены праробленай працай і кажа, што нягледзячы ні на што, уладу можна падштурхоўваць да нейкіх дзеянняў. Галоўнае, каб знаходзіліся ініцыятыўныя людзі, якія могуць давесці справу да канца.

Рубрыка “Ты можаш” спецыяльна для праваабарончай праграмы Кардыяграма.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі