Вераніка Круглова: Застаюся да “Рок-каранацыі” у Мінску!

Неспадзяваны перанос "Рок-каранацыі 2010" стаў для Веранікі Кругловай сапраўдным шокам. Адмыслова для ўдзелу ў канцэрце спявачка на два дні прыехала ў Мінск з Берліна, дзе зараз жыве... Але ў апошні момант імпрэзу перанеслі…

Еўрарадыё: Ці зможаш ты застацца ў Мінску, каб KRIWI ўсё ж выступілі на "Рок-каранацыі"?

Вераніка Круглова: Ведаеш, я павінна была з’ехаць дадому адразу пасля “Рок-каранацыі” – 19 лютага. Але, напэўна затрымаюся. Зараз хачу ўрэгуляваць усе пытанні ў сям’і, як там і што. Шчыра кажучы, мне вельмі хочацца паказаць усім, што я ёсць. Бо парадаваць магу шмат чым. Таму прыходзьце – буду вас радаваць.

Еўрарадыё: І ўсё ж – ці моцна гэты перанос канцэрта ўдарыў па тваіх планах?

Вераніка Круглова: Вельмі моцна. Глядзі: па-першае – праца…

Еўрарадыё: Дарэчы, а дзе ты працуеш?

Вераніка Круглова: У Берліне я працую ў “Культурным цэнтры”, гэта такая культурніцкая арганізацыя. Я актрыса ў тэатры і выкладчык – музыкант-педагог, і гэтак далей.

Еўрарадыё: Я так разумею, што для паездкі на “Рок-каранацыю” давялося на некалькі дзён адпрасілася з працы?

Вераніка Круглова: Так. І вось гэтае пытанне мне трэба ўрэгуляваць у першую чаргу. А па-другое, муж зараз на здымках і дзіцё з нянечкай. І вось гэтую нянечку неабходна таксама “ўрэгуляваць”, каб яна дзіцё вадзіла ў школу.

Еўрарадыё: Ці дорага табе нянечка абыходзіцца?

Вераніка Круглова: У нас камбінаваная нянечка. То бок, там ёсць і нянечка, і сяброўка. Калі не можа сяброўка, а ў нас двое дзяцей – маё і дзіцё сяброўкі – тады забірае нянечка. Карацей, там усё вельмі ліха закручана ў нас! І вось я зараз тэлефаную ў Берлін і з усімі перамаўляюся: хто, каго і дзе можа перахапіць. І хто вядзе дзяцей у школу ў панядзелак. А ў іх у гэты дзень карнавал, таму дзіцяці патрэбны карнавальны касцюм, які я павінна была зрабіць… Карацей, можаш сабе ўявіць, колькі замарочак!

Еўрарадыё: Ты ехала на “Рок-каранацыю”, якая была павінна стаць гала-канцэртам лепшага за 15 гадоў існавання гэтай імпрэзы. Ці рыхтавала ты да гэтай падзеі нейкую новую праграму, або, напрыклад, новую падачу старых песень?

Вераніка Круглова: Ведаеш, быў увогуле вельмі “круты” пачатак, калі мне толькі прапанавалі выступіць на гэтай “Рок-каранацыі”. Мне сказалі: “Веранічка, вы там 3 песні заспяваеце, а потым Вайцюшкевіч яшчэ 3”. Гэта быў адказ на маё пытанне пра тое, колькі іграць песень. Я сказала: “Пардон! У мяне 8 гадоў іграе новы калектыў! Людзі – мега-прафесіяналы, у нас праграма, у нас новы альбом, які мы хутка выдадзім. І што гэта азначае?!” А Кашырын мне кажа: “Ну, ты ж з іншымі людзьмі была рок-князёўнай!” Але ж я ўжо шмат гадоў працую ў іншых KRIWI, і я ў гэтых KRIWI – салістка. І я даволі груба адказала, у тым сэнсе, што мяне штурхаюць на самую нізкую прыступку музычнага развіцця, каб некаму пад гітарку адспяваць. Хоць і таму ж Дзіме [Вайцюшкевічу, які ўваходзіў у першапачатковы склад KRIWI. – Еўрарадыё]. Мы ўжо даўно саспелі як артысты ўсе, усе разляцеліся сваімі дарогамі. І я зараз граю зусім іншую музыку, чым тады, у мяне зусім іншы стыль на падмурку беларускай этнікі. Мой стыль можна назваць і джаз-рокам, і энта-джазам, і этна-фанкам, і гэтак далей… І я сказала, што мы зайграем нашыя старыя хіты, але гэта будзе зусім іншая музыка. І што я зараз зусім іншая Круглова. Мы шмат выступаем у Еўропе, і таму тым больш на “Рок-каранацыі” мне хацелася паказаць людзям нейкае “свежае паветра” і такую сябе, якую мала хто бачыў. У Беларусі ў нас былі сольныя канцэрты ў маленькіх залах, і народ быў проста ўражаны. І я ўсё ж дамаглася ад арганізатараў, што буду выступаць са сваёй камандай. А каманда ў мяне, пардон, 8 чалавек! І ў каманду ўкладзена вельмі шмат сродкаў, вельмі шмат душы, мы ўсе сябры. Ты ж разумееш, што я не магу здрадзіць сваёй камандзе і пайсці выступаць з Вайцюшкевічам. З Вайцюшкевічам я і так магу заспяваць! Адну песню ці 25, але выступаць гурт KRIWI будзе такім, якім ён ёсць на сённяшні дзень!

Дарэчы, калі я размаўляла з Кашырыным наконт нашай праграмы, наконт KRIWI, ён заявіў, што мае цяперашнія музыканты не маюць адносінаў да “Рок-каранацыі”. Я яму адказала, што, як рок-княжна, магу сабе замовіць аркестр, гэта па-першае. А па-другое, ўсе каманды, якія будуць выступаць, за гэтыя 15 гадоў не раз змяні свой склад. Гэта тое ж самае, калі б “Крама” шукала былога свайго бубнача Баршча [Сяргей Кныш. – Еўрарадыё], ці басіста Русліка [Руслан Праўда. – Еўрарадыё], каб выступіць “тым” складам. Людзі ж співаюцца, паміраюць, адыходзяць ад спраў…

Еўрарадыё: Відаць, дарога з Берліна – не таннае задавальненне? Нават калі ляцець эканом-класам…

Вераніка Круглова: Я не лётаю, я езджу цягнікамі, з кучай кніг, і там я лаўлю кайф, мне гэта вельмі падабаецца. Гэта адзінае месца, дзе ў мяне атрымліваецца пачытаць. Я паспяваю адну кнігу прачытаць да дарозе ў адзін бок і другую – на зваротным шляху. Мне гэта вельмі падабаецца.

Еўрарадыё: У любым выпадку: квіток у два бакі каштуе 200 еўра. Тут ты заплаціла музыкантам, заплаціла за рэпетыцыі… Ці была дамоўленасць пра тое, што арганізатары нейкім чынам кампенсуюць табе гэтыя выдаткі?

Вераніка Круглова: Арганізатары абяцалі, што кампенсуюць мне пэўную суму, наконт якой мы дамовіліся ад самага пачатку. І я лічу, што з майго бока было б вельмі непрыгожа ўзяць гэтую суму і, не дачакаўшыся “Рок-каранацыі” вернуцца ў Берлін. І таму зараз я раблю ўсё магчымае, каб усё ж выступіць. Для мяне прынцыпова важна, каб усе ўбачылі KRIWI. Я вельмі хачу працаваць у Беларусі, я вельмі хачу тур па Беларусі. Мы шукаем агентуру канцэртную, шукаем нейкіх арганізатараў – я вельмі хачу тут выступаць! Але нас, чамусці, нікуды не клічуць. Відаць, па строй памяці лічаць, што ёсць Вайцюшкевіч, ёсць Піт, а Кругловай няма. Крулова ёсць, і яшчэ якая! Мы моцныя, і я гэта ведаю. Я чалавек адэкватны і не звар’яцела!

Еўрарадыё: А як ты паставілася да таго, што “Карнацыю” з вялікай і ўрачыстай залы КЗ “Мінск” перанеслі ў клубнае памяшканне “Рэактара”?

Вераніка Круглова: Гэта не вельмі добра, бо “Рэактар” не вельмі добра “гучыць”. Хацелася б, каб людзей было шмат! І ўсё ж: канцэртная пляцоўка—гэта канцэртная пляцоўка. Мне вельмі падабаецца выступаць на вялікіх пляцоўках. Напрыклад, мы выступалі ў Берліне на пляцоўцы ў 3 тысячы месцаў, гралі на вялікіх фестывалях. І ў нас канкрэтны “расклад” для вялікай пляцоўкі. Мы з цяжкасцю змяшчаемся сваім кагалам на маленькіх сцэнах… Канешне, змесцімся неяк і ў “Рэактары”, але ўсё ж не той размах. У нашай праграме шмат кавалкаў, дзе гучыць адна музыка без вакальнай партыі, шмат завязана на аранжыроўках. У мяне граюць мега-музыкі. Я гэтым так ганаруся!

Еўрарадыё: А як твая сям’я, муж паставяцца да тваёй затрымкі?

Вераніка Круглова: Я пакуль яшчэ не датэлефанавалася да мужа, ён зараз на здымках, прычым, не ў Берліне. У нас творчая сям’я. Вось, спрабую з ім звязацца і давесці да яго гэтую інфармацыю.

Фота: www.budzma.org

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі