Вілейскі дэпутат хоча пратэставаць “адзін за ўсіх”
Дэпутат Вілейскага раённага Савета дэпутатаў Іосіф Маціюн падаў заяву на правядзенне пікету.
Мэтай акцыі ён акрэсліў выказванне пратэсту супраць парушэння яго канстытуцыйных правоў. Заяўнік лічыць, што ён падвяргаецца пераследу за адстойванне асабістага меркавання па палітычных і эканамічных пытаннях. У прыватнасці, з-за гэтага з ім не працягнулі працоўны кантракт.
Іосіф Маціюн з’яўляецца сябрам Беларускай партыі левых “Справядлівы свет”. Ён прымаў актыўны ўдзел у гэтак званых “маўклівых акцыях”. Яго актыўная грамадзянская пазіцыя магла стаць прычынай, па якой ён згубіў працу настаўніка гісторыі ў мясцовай гімназіі.
Такім чынам, дэпутат вырашыў публічна выказаць сваю нязгоду з пераследам за альтэрнатыўныя погляды. Пікет ён плануе правесці 20 сакавіка ў гарадскім вілейскім парку пад лозунгам “Адзін за ўсіх”, перадае spring96.org