Якія страхі для людзей на волі схаваныя ў сёлетняй амністыі?

120905 Luka6uk Suhoty.mp3

“У вас таксама нехта выйшаў па амністыі?” — такімі словамі сустракае лекар аднаго з абласных тубдыспансераў маці, што прывяла дзіцё праверыць на сухоты. Прывяла на ўсялякі выпадак, бо было падазрэнне на кантакт з хворым.
 
Ці сапраўды ў амністыі схаваная такая небяспека для здаровых людзей на свабодзе? Чытаем сёлетні закон “Аб амністыі”.

“Вызваліць ад пакарання... інвалідаў І альбо ІІ групы, а таксама асоб, хворых актыўнай формай сухотаў, аднесеных да І, ІІ, V "А" альбо V "Б" групаў дыспансернага ўліку”.

Калі сухоты — адкрытай формы, то нават непрацяглае знаходжанне з хворым побач небяспечнае для здаровага чалавека. Ці сапраўды з пачаткам амністыі павялічылася колькасць жадаючых праверыць, чым скончылася для яго сустрэча з вызваленым сваяком ці суседам? Цікавімся ў Мінскім абласным тубдыспансеры.

Еўрарадыё: Пачалася амністыя, выходзяць людзі на свабоду, а там жа даволі шмат хворых на сухоты...

Мінскі абласны тубдыспансер: “Так-так! Там да 90 адсоткаў!..”

Еўрарадыё: Вяртаюцца гэтыя людзі дахаты, з імі кантактуюць здаровыя і, можа, як даведаюцца пра хваробу, то ідуць праверыцца?

Мінскі абласны тубдыспансер: “Дарослыя ідуць. Іх накіроўваюць рабіць здымачкі. А ўжо пасля, як выяўляецца захворванне, яны нам пішуць кантакты дзяцей, што ў такой-то сям’і ёсць дзеці, і тады дзеці накіроўваюцца да нас”.

Словы, што “там да 90%” хворых на сухоты, кіраўнік інфармацыйна-адукацыйнай установы “Платформа” Андрэй Бандарэнка абвяргае. Кажа: хутчэй, каля 20. Але вось у тым, што 90% усіх хворых сталі сухотнікамі менавіта ў месцах адбыцця пакарання, упэўнены.

У любым выпадку, сухотнікі на свабоду выходзяць. Ці сапраўды ніхто не ведае, што яны хворыя? У Магілёўскім абласным тубдыспансеры супакойваюць: яны пра такіх небяспечных амніставаных ведаюць.

Магілёўскі абласны тубдыспансер: “Вы не думайце, што яны выходзяць і сыходзяць у нікуды! З турам прыходзяць нам “сігнальныя” карты і мы ведаем, што такі-то вызваліцца такога чысла. І ўчастковай сваёй службе даводзім да ведама. І мы адразу іх “хапаем” і давай адразу лекаваць. І калі яны самі не хочуць ісці, то мы самі ідзем да іх — запрашаем іх на абследаванне, лячэнне”.

Праўда, прызнае, што сярод былых крымінальнікаў сустракаюцца розныя: і адказныя, і безадказныя, за якімі даводзіцца пабегаць лекарам.

Магілёўскі абласны тубдыспансер: “У жніўні хлопчык зусім маладзенькі вызваліўся з турмы. Да прыкладу, учора, а сёння ён ужо прыйшоў да нас — яшчэ раней, чым паперы яго прыйшлі. А ёсць такі, за якім бегалі, шукалі з міліцыяй і да нас запрашалі”.

Тым не менш сілком зацягнуць хворага ў лякарню дактары могуць толькі праз суд. Калі ён мае адкрытую форму сухотаў, не лечыцца, п’е... І хоць у Магілёўскім тубдыспансеры сцвярджаюць, што з амністыяй колькасць зваротаў жадаючых праверыцца не павялічылася, але раяць засцерагацца.

Фота: mn.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі