За што затрымалі дырэктара Мінскага мясакамбіната?
Жыльцы з дома Уладзіміра Лазоўскага распавядаюць пра затрыманне і выказваюць сваю версію, за што суседу надзелі кайданкі.
“У пятніцу Вову тут непадалёк паклалі тварам у снег, на рукі надзелі кайданкі. Яму адна фірма будаўнічая, офіс знаходзіцца недалёка ад яго пад’езда, выконвала замову па працах на мясакамбінаце. Нібыта, каб сплаціць грошы за паслугі, Вова ўзяў хабар у чатыры тысячы долараў, ― распавядае адзін з жыльцоў дома. ― А ў суботу кватэру абшуквалі супрацоўнікі аддзела па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі. Некаторых жыхароў пад’езда запрашалі ў якасці панятых. Людзі былі здзіўленыя знойдзенымі наяўнымі грашыма і каштоўнымі металамі (падрабязнасці не публікуюцца ў інтарэсах следства, ― Еўрарадыё). Таксама кажуць, пад Мінскам у яго катэдж, з вельмі дарагім аздабленнем”.
Выслухаўшы жыхароў дома, звяртаемся на Мінскі мясакамбінат. Уладзіміра Лазоўскага на месцы не аказалася. Яго замяшчала намесніца ― Ларыса Сакальская.
Еўрарадыё: Ёсць інфармацыя, што затрыманы гендырэктар вашага мясакамбіната. Гэта праўда?
Ларыса Сакальская: Я нічога патлумачыць пакуль не магу.
Еўрарадыё: Але на працы яго няма, так?
Ларыса Сакальская: Сёння ў кабінеце яго няма. А што і як ― удакладняйце ў кампетэнтных органах.
“У Следчым камітэце Рэспублікі Беларусь у вытворчасці гэтай справы няма. Ці існуе гэта справа ўвогуле ― невядома”, ― адказаў увечары восьмага красавіка Павел Травулька, кіраўнік аддзела інфармацыі і сувязі з грамадскасцю Следчага камітэта. Пазней СК пацвердзіў затрыманне Лазоўскага.
“Інфармацыі афіцыйнай на гэты конт пакуль няма”, ― паведаміў Ігар Кавалеўскі, кіраўнік прэс-службы Мінскага ўпраўлення КДБ.
“Мы да з’яўлення інфармацыі, якую можна распаўсюджваць у СМІ, не будзем нічога каментаваць. Ні па адным з фактаў, ―сказаў Канстанцін Шалькевіч, начальнік упраўлення інфармацыі і грамадскіх сувязяў МУС.