Назіральніца, затрыманая ў хостэле "Джаз": Забралі ўсіх, нават сантэхнікаў!

“Уварваўся АМАП, загадалі ўсім выключаць кампутары, тэлефоны. Нас шмат было, іх таксама. Пералічылі, пагрузілі ў аўтазак і павезлі”, - расказвае Анастасія Матчанка пра свае прыгоды.

Яе разам з яшчэ двума дзесяткамі назіральнікаў і простых гасцей хостэла “Джаз” у першай палове дня 24 верасня пагрузілі ў аўтазак і адвезлі ў Цэнтральны РУУС. Прычым забралі нават двух сантэхнікаў у працоўных камбінезонах, якім “пашчасіла” рабіць рамонт акурат падчас прыезду праваахоўнікаў.

Усіх затрыманых (а іх было 25 чалавек) адпусцілі праз тры гадзіны без тлумачэння прычын, папярэдне адкатаўшы “пальчыкі”. “Мы спрабавалі высветліць, навошта нас затрымлівалі. Але пачулі ў адказ, што калі хочам гэта ведаць – застанемся тут яшчэ надоўга. Мы выбралі больш прымальны для нас варыянт”, - расказвае Наста. І дадае, што назіральнікі не зафіксавалі нейкіх незвычайных парушэнняў – усё тое самае, што і ў іншых.

На 25 верасня запланаваная справаздачная канферэнцыя, якая адбудзецца ў Вільні. Праект "Назіранне за выбарамі: тэорыя і практыка", удзельнікі якога былі затрыманыя, ажыццяўляюць моладзевы цэнтр "Belarus Watch", Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт і Беларускі дом правоў чалавека ў выгнанні (Вільня). На працягу апошніх пяці гадоў тут рыхтуюць маладых людзей для назірання за выбарамі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі