Затрыманне Бяляцкага. Храналогія.

Еўрарадыё знайшло тую самую беларуска-літоўскую дамову аб прававой дапамозе, на якую спасылаецца Мінюст Літвы. Дамова патрабуе, каб у запыце была назва канкрэтнай крымінальнай справы, юрыдычны статус асобы па гэтай справе, і апісанне складу злачынства. Адсюль вынікае, што на праваабаронцу напярэдадні запыту ў лютым мусілі завесці нейкую справу.

Што дакладна было напісана ў запыце беларускага боку, літоўцы не кажуць, гэта невядома.

Калега Алеся Бяляцкага Уладзімір Лабковіч бачыў толькі дакументы беларускага боку пасля адказу літоўцаў.

"Я бачыў перададзеныя Бяляцкаму матэрыялы з падатковай інспекцыі Першамайскага раёна Мінска, дзе была ўказаная раздрукоўка з банкаўскага рахунка", – кажа юрыст “Вясны” Уладзімір Лабковіч.

Чаму беларускія праваабаронцы заводзілі асабістыя рахункі для дзейнасці арганізацыі, а не на юрыдычную асобу? Лабковіч тлумачыць гэта тым, што ў Літве “Вясна” не зарэгістраваная.

"Мы сабе не ставілі на мэце рэгістраваць “Вясну” ў Літве, мы беларуская арганізацыя, якая з часу нашай ліквідацыі спрабавала зноў зарэгістравацца ў Беларусі"

Скандынаўскі банк SEB інфармацыю пра Бяляцкага адразу не падаў, таму літоўскі Мінюст дамогся яе праз суд.

Гэта значыць, працэдура была не такая імгненная і простая, як здавалася. Але намеснік міністра юстыцыі Вайткявічус працягвае сцвярджаць журналістам, што выдача адбылася праз недагляд.

"На жаль, на жаль... Проста не даўмеліся, што гэтае прозвішча мае дачыненне да апазіцыйнай дзейнасці ў Беларусі. Не заўважылі, што гэты чалавек з'яўляецца праваабаронцам".

Мікалай Халезін, з блогу якога першапачаткова і пайшла інфармацыя аб выдачы інфармацыі літоўскімі органамі, у гэта не верыць. Ён лічыць, што “зліў” рабілі з ведама літоўскага прэзідэнта Далі Грыбаўскайтэ.

Сам міністр юстыцыі Літвы зараз знаходзіцца ў адпачынку. Але з'явіўся на пасяджэнні Камісіі па замежных справах літоўскага парламента, прысвечаным справе Бяляцкага. І заявіў, што вінаватых у гэтым інцыдэнце шукаць няма падставаў.

На пасяджэнні замежнага камітэта літоўскага сейма выступіла рэдактар сайта “Хартыя’97” Наталя Радзіна.

"Я расказала пра тое, што ў той час, калі была пад рэпрэсіямі ў Беларусі, мне вельмі дапамагала менавіта “Вясна” пад кіраўніцтвам Алеся Бяляцкага. І адзначыла, што гэта ганебны факт, што непрадуманыя дзеянні Літвы прывялі да арышту праваабаронцы".

Сам старшыня замежнай камісіі Эмануіліс Зінгерыс назваў здарэнне ганьбай.

Галоўны рэдактар папулярнай газеты Lietuvos Rytas Рымвідас Валатка здзіўляецца, чаму міністр яшчэ займае сваю пасаду.

"Шымашус ужо няправільна сябе павёў, бо яшчэ ў пятніцу мусіў пайсці ў адстаўку".

Літоўскія дэпутаты працягваюць шукаць вінаватых у непрыемным інцыдэнце.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі