Зборная Беларусі прайграла Францыі — 1:3 (фота+відэа)
У Парыжы прайшоў футбольны матч паміж камандамі Беларусі і Францыі.
Сустрэча прайшла ў рамках адборачнага турніру да чэмпіянату свету 2014 года. Беларусы выглядалі лепш чым у гульні са зборнай Грузіі, якой прайгралі 0:1. Георгій Кандрацьеў рашыўся на нязвыклую схему ў 3 нападаючых! У пачатку другога тайма было некалькі крутых момантаў. Запомніўся выхад Драгуна фактычна сам-насам з варатаром французаў. Аднак Ларыс выратаваў сваю каманду. Адразу пасля гэтага Капу пацвердзіў спартыўную ісціну "не забіваеш ты, забіваюць табе" і вывеў гаспадароў наперад - 1:0. Праз 18 хвілін Жале павялічыў перавагу.
Нягледзячы на два прапушчаныя галы, беларусы не перасталі змагацца. На 72-й хвіліне ў штрафной французаў збілі Антона Пуцілу, і суддзя прызначыў пенальці. Удар Карняенкі парыраваў Ларыс, але Пуціла з дабівання ўсё ж запіхаў мяч у вароты гаспадароў.
Зраўняць лік беларусам так і не ўдалося. А на 81-й хвіліне Рыберы, які праз тыдзень згуляе супраць БАТЭ, паставіў фінальную кропку 3:1.
Фота: www.washingtonpost.com