ЗША і Літва працягнуць падтрымку грамадзянскай супольнасці ў Беларусі

Міжнародная канферэнцыя “Будучыня Беларусі” адкрылася 25 траўня ў Вільні. Яна прысвечана 20-м угодкам незалежных даследаванняў у нашай краіне і заснаванню Незалежнага інстытута сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў.

Адкрываючы канферэнцыю, намеснік міністра замежных спраў Літвы Вітаўтас Ляшкявічус выказаў занепакоенасць сітуацыяй з дэмакратыяй і правамі чалавека ў “некаторых суседскіх краінах”.

Вітаўтас Ляшкявічус: “Літва як актыўны сябра дэмакратычнай супольнасці надзвычай рада таму, што ў нас знаходзяцца такія аналітычныя цэнтры, грамадскія арганізацыі, як НІСЭПД. Тое, што яны сканцэнтраваныя ў Вільні – дэманструе шчыльнасць нашага супрацоўніцтва і ўзровень камунікацыі паміж усімі аб’ектамі, што працуюць з Беларуссю”.

Падчас сваёй прамовы Вітаўтас Ляшкявічус згадаў 20-годдзе ЕГУ, які таксама месціцца ў Вільні і падтрымліваецца літоўскай дзяржавай. Чыноўнік спадзяецца, што наступная такая канферэнцыя адбудзецца ў дэмакратычнай Беларусі.

Тым часам Часовы павераны ў справах ЗША ў Беларусі Майкл Скэнлан выказаў надзею, што Беларусь будзе развівацца ў дэмакратычным кірунку. І выказаў падзяку Алегу Манаеву і яго камандзе за працу на працягу апошніх 20 гадоў.

Майкл Скэнлан: “Пражыўшы 3 гады ў Беларусі, я бачу, што ёсць розныя погляды, розныя меркаванні. Але людзі звычайна дзеляцца імі з чальцамі сям’і, сябрамі на кухні. Здольнасць аб’ядноўваць, злучаць гэтыя групы недасягальная для людзей. Але дзякуючы працы доктара Манаева ўдаецца завязваць сувязі, будаваць масты паміж гэтымі адасобленымі групамі”.

Першы намеснік памочніка адміністратара па Еўропе і Еўразіі, Агенцтва ЗША па міжнародным развіцці (USAID) Раберта Махоні адзначыла важнасць незалежных даследаванняў. На яе думку, такія даследаванні ў будучыні дапамогуць уплываць на рашэнні, якія прымаюцца ў дзяржаве.

Раберта Махоні: “Важна, каб Беларусь ішла шляхам пераменаў і рэформаў, якіх хочуць у Беларусі. Такія магчымасці, якія дае гэтая канферэнцыя, дазваляюць развіваць дыялог. Яна дапамагае стварыць новыя шляхі разумення, новыя палітычныя курсы, новыя рэкамендацыі”.

Канферэнцыя працягнецца да 26 траўня. Апроч беларускіх навукоўцаў, грамадскіх актывістаў ў ёй прымаюць удзел і міжнародныя эксперты – агулам каля 100 чалавек.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі