Зянон Пазьняк заклікаў ратаваць Сяргея Каваленку
Лідар Кансерватыўна-Хрысціянскай партыі БНФ звярнуўся з заклікам да ўсіх беларусаў.
На яго думку, неабходна шырока інфармаваць беларускую грамадскасць і міжнародную супольнасць пра ўсё, што робяць з палітвязнем у турэмнай лякарні. Па словах Пазьняка, важныя патрабаванні, каб улады спынілі катаванне Каваленкі, паклалі яго ў нармальны цывільны шпіталь і вызвалілі з турмы.
Тым часам жонка Каваленкі Алена паведаміла Радыё "Свабода", што яе мужу ставяць кропельніцы на 8-9 гадзінаў запар. Праз катэтэр яму ўводзяць фізраствор, глюкозу, амінакіслоты, іншыя прэпараты, каб падтрымаць арганізм. Але сам Сяргей ад галадоўкі не адмаўляецца. Кропельніцу яму ставяць, прывязаўшы да ложка, як і раней.
Нагадаем, што Каваленку асудзілі на 2 гады і 1 месяц за парушэнне адбыцьця "хатняй хіміі". Паярэдні прысуд ён атрымаў за вывешаны бел-чырвона-белы сцяг на навагодняй ёлцы ў Віцебску. За кратамі палітвязень трымае галадоўку.
Фота — bymedia.net