Рэпрэсіі ў кастрычніку: затрымана мінімум 317 чалавек па “палітычных” артыкулах

Акрэсціна восенню 2020 года / Еўрарадыё
Акрэсціна восенню 2020 года / Еўрарадыё

Праваабаронцам вядома аб не менш за 317 затрыманнях па “палітычных” артыкулах у кастрычніку. Адбылося не менш 193 судовыя пасяджэнні паводле адміністрацыйных спраў, суддзямі прызначана 95 адміністрацыйных арыштаў і не менш за 21 штраф, паведамляе “Вясна”.

Сярод самых недарэчных нагод для пакаранняў “Вясна” узгадвае 15 сутак мінчаніну за аркуш паперы з дзіцячым малюнкам на акне. 33-гадовага Елісея Карпанава асудзілі паводле арт. 24.23 КаАП “несанкцыянаванае пікетаванне”.

Карпанаў на суде растлумачыў, што аркуш вывесіў даўно, бо на ім быў малюнак дзіцяці. Ён не прызнаў сваю віну, бо не лічыць гэтыя дзеянні пікетаваннем. Таксама ён пацвердзіў, што ведаў пра такі спосаб пратэсту, — піша “Вясна”.

У выніку суддзя Таццяна Мотыль прызнала яго вінаватым і арыштавала на 15 сутак.

Яшчэ асуділі пяты раз запар святара Уладзіслава Багамольнікава. Ён павінен быў выйсці на волю 29 кастрычніка пасля 59 сутак за кратамі, але быў перазатрыманы па новай адміністрацыйнай справе. Яго зноў асудзілі на 15 сутак.

Вядома, што Уладзіслаў перахварэў у няволі на кавід. Пры гэтым для “палітычных” на Акрэсціна перадачы не прымаюць, таму ён утрымліваецца там без сродкаў гігіены.

Багамольнікаў — выкладчык Мінскай духоўнай акадэміі, абвяшчаў галадоўку ў падтрымку палітвязня Ігара Лосіка і служыў літыю па забітым сілавікамі Раману Бандарэнку.
 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі