В Витебске полтора часа искали бомбу на железнодорожном вокзале (фото)
У Віцебску паўтары гадзіны шукалі бомбу на чыгуначным вакзале. Здарэнне адбылося ўвечары 30 кастрычніка. Як паведамляе сайт “Народныя навіны Віцебска” са спасылкай на сведкаў, міліцыя пачала эвакуацыю каля 18.40, атрымаўшы сігнал пра замінаванне. Эвакуацыя адбылася таксама і на аўтавакзале.
Прывакзальную плошчу перакрыла ДАІ, сюды прыбылі міліцэйскія і пажарныя машыны, а таксама машына хуткай дапамогі. Гарадскі транспарт, маршруты якога праходзяць побач з вакзаламі, часова прыпыніў курсіраванне.
Праз паўтары гадзіны ў будынкі вакзалаў зноў пусцілі пасажыраў і супрацоўнікаў, а рух транспарту аднавіўся. У 21.30 на вакзалах заставалася шмат міліцыі, якая аглядала буйнагабарытныя сумкі з ручнымі металадэтэктарамі. Праваахоўнікі тлумачылі свае дзеянні вучэннямі, якія нібыта праходзілі.
Пакуль невядома, ці выявіла міліцыя “мінёра”. Афіцыйнай інфармацыі пра інцыдэнт у Віцебску яшчэ не было.
Фота: "Народныя навіны Віцебска"