Рымскі Калізей адмылі ад бруду за 25 мільёнаў еўра
У Рыме ачысцілі ад бруду і попелу старадаўні Калізей. Гэта быў першы этап рэстаўрацыі, які доўжыўся з 2013 года. За тры гады рэстаўратары ўручную ачысцілі пры дапамозе спецыяльнага раствору болей за 10 тысяч квадратных метраў сцен амфітэатра. Падчас гэтых працаў на сценах знайшлі сярэднявечныя фрэскі з выявай Хрыста, а таксама барэльеф гладыятара, які датуецца І стагоддзем нашай эры.
Кошт “адмыўкі” Калізея ацэньваецца ў некалькі дзясяткаў мільёнаў еўра. Каля 25 мільёнаў у праект уклаў уладальнік марак Tod's і Hogan Дыега Дэла Вале. Пры гэтым амфітэатр не зачыняўся для наведнікаў, пакуль ішлі рэстаўрацыйныя працы.
На новы этап рэстаўрацыі італьянскі ўрад абяцае выдзеліць 18 мільёнаў еўра. Плануецца аднавіць арэну Калізея і затым выкарыстоўваць яе для розных урачыстасцяў нацыянальнага і міжнароднага маштабаў. На фінальным, трэцім этапе рэстаўрацыі плануецца стварыць спецыяльны цэнтр для наведнікаў, які будзе размяшчацца за сценамі Калізея.
Будаўніцтва гэтага помніка архітэктуры пачалося ў 72 годзе нашай эры пры імператары Веспасіяне, а скончылася пры імператары Тыце ў 80 годзе. Амфітэатр умяшчае болей за 50 тысяч гледачоў. Цяпер яго наведваюць да 6 мільёнаў турыстаў штогод, перадае ВВС.