Самая дарагая зямля — у Мінску. Далей — Заслаўе, Салігорск і Фаніпаль
Дзяржаўны камітэт па маёмасці размясціў на сваім сайце звесткі пра кошт зямлі ў розных беларускіх гарадах. Ацэньваліся землі, якія выкарыстоўваюцца для будаўніцтва жылля ("жылая сядзібная зона") і аб'ектаў для адпачынку ("рэкрэацыйная зона"), а таксама землі садаводчых таварыстваў і дачных кааператываў.
Першае месца па кошце зямлі — без сюрпрызаў — заняў Мінск, дзе сярэдні кадастравы кошт зямлі, на якой можна будаваць жыллё, складае 169,36 рублёў ($86) за 1 квадратны метр. Далей ідуць гарады-спадарожнікі сталіцы: Заслаўе (Br31,82 за 1 кв.м) і Фаніпаль (Br30,2), паміж якімі стаіць цэнтр калійнай вытворчасці Салігорск (Br30,3).
З абласных цэнтраў самай дарагой апынулася зямля ў Брэсце (Br24,88 за кв.м), а самай таннай — у Магілёве (Br16,52 за кв.м).
Сярод сельскіх населеных пунктаў самыя дарагія землі знаходзяцца ў Мінскай вобласці, дзе сярэдняя кадастравы кошт складае Br1,31 за кв.м. Лідары — Мінскі (Br12,33 за кв.м), Смалявіцкі (Br3,13) і Дзяржынскі (Br2,78) раёны. А самы нізкі кадастравы кошт зямель у сельскіх населеных пунктах — у Магілёўскай вобласці. Напрыклад, у Клімавіцкім і Хоцімскім раёнах зямля ў сярэднім каштуе ўсяго Br0,12 за кв.м, у Краснапольскім і Круглянскім раёнах — Br0,14 за кв.м.
Пасля зацвярджэння новыя звесткі будуць выкарыстоўвацца ў тым ліку і для мэтаў падаткаабкладання — з 1 студзеня 2018 года.