Зямельныя ўчасткі можна будзе купіць толькі праз аўкцыён (відэа)
У адпаведнасці з указам кіраўніка дзяржавы, цяпер забараняецца ствараць у прыгараднай зоне Мінска новыя садоўніцкія таварыствы і кааператывы.
Гаспадары, якія ўжо маюць участкі, мусяць звярнуць увагу на ўвядзенне забароны на здзяйсненне здзелак. Купля-продаж такой уласнасці будзе магчымая толькі з зарэгістраванымі ўчасткамі і па заканчэнні пэўнага тэрміну.
Вось што распавяла ў каментары тэлеканалу АНТ Алена Міхайлоўская, кіраўніца юрыдычнага ўпраўлення Дзяржаўнага камітэта па маёмасці Беларусі:
"Гэтая забарона перастае дзейнічаць па заканчэнні пяці гадоў з моманту ўзнікнення правоў на зямельны ўчастак. Калі ваш зямельны ўчастак для вядзення калектыўнага садаводства не быў зарэгістраваны, значыць, узнікнення правоў у вас не было. І толькі з моманту ўзнікнення дзяржаўнай рэгістрацыі пачынае адлічвацца дадзены тэрмін".
Лёс свабодных зямельных участкаў цяпер будзе вырашацца выключна па выніках аўкцыёнаў. На атрыманне зямлі без таргоў могуць разлічваць толькі інвестары, якія ствараюць прадпрыемства па перапрацоўцы смецця і камунальных адходаў. Новаўвядзенні ўступяць у сілу з пачатку наступнага года.