Самы гучны выбарчы скандал: версіі камісій, Ярмошынай і агента 000-179

Самы гучны выбарчы скандал: версіі камісій, Ярмошынай і агента 000-179

Дзяніс Краўчук нібыта змог прагаласаваць на трох мінскіх выбарчых участках — гэта пакуль самы гучны скандал выбарчай кампаніі. Выпадак пракаментавала нават старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына!

Малады чалавек паставіў у пашпарт спецыяльную адзнаку “000-179”. Пра яе хлопец даведаўся з Telegram-канала, дзе дзяўчына распавяла, што, дзякуючы такой адзнацы, змагла прагаласаваць чатыры разы. Лічбу ў пашпарт дзяўчыне паставіла адміністрацыя 179-й школы, дзе тая працуе.
 

ШТО БАЧНА НА ВІДЭА

Дзяніс Краўчук прагаласаваў на 64-м, 68-м і 73-м выбарчых участках Кунцаўшчынскай акругі. Усё гэта ён запісваў на відэа. Спачатку хлопец пайшоў на 68 участак у гімназію №4. На відэа бачна, як ён заходзіць у будынак, але потым хавае тэлефон у кішэню, таму нічога не бачна. Чуем, як Краўчук пытае пра дату, у якім месцы распісацца і ідзе да кабінкі. Там ён дастае тэлефон і здымае, як ставіць у бюлетэнь галачкі за двух кандыдатаў. Далей хлопец выходзіць з кабінкі і просіць іншы бюлетэнь, таму што першы ён сапсаваў.

Наступны ўчастак — № 64. На відэа ўсё тое самае, але гэтым разам бюлетэнь Краўчук не сапсаваў. Замест яго хлопец укінуў у скрыню паперку з надпісам “Стоп фальсіфікацыі”.

Апошні ўчастак № 73 размясціўся ў школе № 201. На відэа паўтараецца ўсё, акрамя канцоўкі. Пасля таго, як прагаласаваў, Краўчук звярнуўся да камісіі з пытаннем, на якой падставе яму выдалі бюлетэнь, калі ён зарэгістраваны ў іншым месцы? Камісія выбачаецца перад хлопцам, кажуць, што ён будзе ўнесены ў дадатковыя спісы.
 

ВЕРСІЯ ДЗЯНІСА КРАЎЧУКА

Дзяніс Краўчук: Усё проста: я прыйшоў, даў пашпарт і стаяў моўчкі. Яны толькі сказалі мне, дзе распісацца і паставіць дату. Я распісаўся насупраць іншага чалавека, дзе мне сказалі.

Еўрарадыё: А чаму вас не ўнеслі ў дадатковыя спісы?

Краўчук: Не ведаю, чаму. Я ж нібыта карусельшчыкам быў.

Па словах Дзяніса, так моўчкі ён прагаласаваў на двух участках: 64-м і 68-м. На апошнім 73-м пасля “галасавання” ён звярнуў ўвагу камісіі на тое, што не зарэгістраваны ў Мінску і спытаў, на якой падставе яму дазволілі галасаваць?

Краўчук: “Мне сказалі, маўляў, мы вас зараз занясем у дадатковы спіс, гэта была памылка, вам памылкова выдалі. Ну, памыліліся людзі, не ўбачылі, што ў мяне іншая рэгістрацыя”.
 

ШТО КАЖА ЯРМОШЫНА

"У адным месцы ён прад'явіў дамову аб найме жылога памяшкання. А ў другім — склаў слязлівую казку пра тое, што ён бедны студэнт, які страціў усе дакументы, альбо іх мама захоўвае. І чуллівыя настаўнікі, якія сядзяць у выбарчай камісіі, дазволілі яму прагаласаваць”, — цытуе Лідзію Ярмошыну БЕЛТА.

Старшыня ЦВК упэўненая, што гэты выпадак кажа аб няўменні членаў выбарчых камісій супрацьстаяць падступнасці і хітрасці.
 

ШТО КАЖУЦЬ У ВЫБАРЧЫХ КАМІСІЯХ

Участак №68, гімназія №4.

“Ніякага інцыдэнту ў нас няма, ніякую інфармацыю мы не выдаём”.

Участак №64, школа №185

З першай хвіліны зразумела, што тут пытаннем валодаюць. Больш за тое, па словах камісіі, у Фрунзенскую раённую выбарчую камісію ўжо адпраўленая тлумачальная запіска наконт інцыдэнту. На ўчастку хлопца ўнеслі ў дадатковыя спіскі. Суразмоўніца запэўнівае, што камісіі па месцы рэгістрацыі хлопца яны паведамілі пра тое, што ён прагаласаваў у Мінску.

Ён завіс у выбарчай кабінцы, мы падумалі, што яму кепска. Ён там нешта здымаў, пісаў нешта ў бюлетэні, я так разумею. А калі мы ў яго спыталі, ці не кепска яму, ён выскачыў і ўцёк”.

Участак №73, школа №201

Па версіі камісіі, Краўчук распавёў, што прыехаў у Мінск у камандзіроўку, таму не можа прагаласаваць па месцы рэгістрацыі: “Ён паказаў пашпарт, яго дадзеныя ўнесеныя ў дадатковы спіс”.

Тут таксама кажуць, што адправілі на Нарачанскі ўчастак №11 факс пра тое, што Дзяніс Краўчук прагаласаваў у іх.

Але вось што цікава: наша суразмоўца кажа, што Краўчук паказаў камісіі пашпарт, а не службовае пасведчанне, па якім ён нібыта прыехаў у Мінск у працяглую камандзіроўку, як на участку №68.

Еўрарадыё: Што за лічбы, якія былі запісаныя алоўкам у яго пашпарце?

“Не ведаю. Гэта ўжо яго капрыз”.

Нарачанскі ўчастак №11, Мядзелскі раён

Тэлефануем на ўчастак, на якім Краўчук павінен быў галасаваць — Нарачанскі №11 Мядзелскага раёна. Там падцвярджаюць, што сапраўды Дзяніс Краўчук быў зарэгістраваны, але яго ўжо выключыі са спісаў: “Ён выключаны са спісаў у сувязі з тым, што прагаласаваў у Мінску. Нам прыслалі ксеракопію”.

Пытаем, з якога мінскага ўчастка звярнуліся, каб выключыць Дзяніса Краўчука. Суразмоўніца называе… адразу два ўчасткі — №73 і №68.

Еўрарадыё: № 68 і 73? А чаму з двух? Вас гэта не бянтэжыць?

Суразмоўца: Не ведаю, чаго вы ў мяне пытаеце.

У выніку мы даведаліся пра тры версіі таго, як нібыта галасаваў Дзяніс. Заўважым, што Ярмошына кажа пра два выпадкі, хлопец прагаласаваў тройчы. Так і незразумела, дзе распісаўся Дзяніс на ўчастку №73, бо ў дадатковы спіс выбаршчыкаў яго ўносілі ўжо пасля галасавання. І яшчэ несупадзенне. На Нарачанскім участку нічога не ведаюць пра тое, што ў Мінску Дзяніс прагаласаваў тройчы.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі