Сашу Варламаву засталося яшчэ 8 месяцаў “хатняй хіміі”
Год за кратамі, залічваецца за два гады абмежавання волі. Усяго мадэльер правёў у СІЗА два гады і два месяцы.
23 ліпеня Саша Варламаў прысуджаны да пяці гадоў абмежавання волі з канфіскацыяй маёмасці без накіравання ва ўстановы адкрытага тыпу. Адвакатка Тамара Сідарэнка тлумачыць Еўрарадыё, колькі яшчэ пакарання засталося адбыць мадэльеру:
“Артыкулы 74-75 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. Адзін дзень пазбаўлення волі (ці знаходжання ў ізалятары) прыраўноўваецца да двух дзён абмежавання волі”.
Такім чынам, пяць гадоў “хатняй хіміі” (так у абыходжанні называюць меру пакарання, абраную для Варламава) прыраўноўваюцца да 2,5 гадоў зняволення. Саша Варламаў быў узяты пад варту ў сярэдзіне траўня 2011 года. Па яго ўласных словах, за кратамі ён правёў два года і два месяцы.
Гэта значыць, Варламаву засталося адбыць 8 месяцаў “хатняй хіміі”.
Глядзіце таксама - Саша Варламаў: Перш за ўсё збіраюся ў царкву і Варламаў на свабодзе (фотарэпартаж)