Сэкс-шоп з беларускамоўнай назвай адчыніўся ў Мінску
У Мінску на вуліцы Кальварыйскай з'явілася інтым-крама з беларускамойнай назвай "Каханне".
У каментары the-village.me супрацоўніца крамы Ганна паведаміла, што працуюць яны ўжо тры месяцы. Шыльда, праўда, з'явілася нядаўна, бо была на ўзгадненні ў гарадскіх уладаў.
"Такая назва была абраная, бо "каханне" перакласці на рускую, як па мне, немагчыма. Гэта прыдумаў уладальнік сеткі", — патлумачыла супрацоўніца.
Цэтлікі на таварах у краме падпісаныя па-руску і па-англійску. Але калі ў краму прыйдзе беларускамоўны пакупнік, прадавец зможа падтрымаць з ім гутарку.
Дарэчы, у асартыменце інтым-шопа ёсць і айчынныя тавары — "шмаравідла" "Ёska" і БДСМ-наборы Taboo.