Сенатар Кастагораў аддаў 350 тысяч еўра і выйшаў з СІЗА
Пытанне пра яго лёс было агучана на прэс-канферэнцыі Аляксандра Лукашэнкі.
Чалец Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі Віталь Кастагораў выйшаў на волю пад падпіску аб нявыездзе. Здарылася гэта яшчэ 30 снежня 2014-га, інфармуе партал tut.by. Нагадаем, пытанне пра лёс сенатара было агучана ў чацвер на прэс-канферэнцыі Аляксандра Лукашэнкі. Кіраўнік дзяржавы паабяцаў, што праінфармуе пра Кастагорава, і Адміністрацыя прэзідэнта абяцанне выканала.
Нагадаем, у ліпені 2014 года ў адносінах Віталя Кастагорава КДБ распачаў крымінальную справу па артыкуле "Ухіленне ад выплаты падаткаў, збораў". Паведамлялася, што ён, з'яўляючыся дырэктарам і акцыянерам закрытага акцыянернага таварыства "Палітэкс", "арганізаваў рэалізацыю таварна-матэрыяльных каштоўнасцяў за наяўны разлік без адлюстравання звестак пра здзейсненыя фінансава-гаспадарчыя аперацыі ў бухгалтарскім і падатковым уліку прадпрыемства". Страты, нанесеныя дзяржаве, склалі больш за 1,33 млрд рублёў.
Як паведамляе tut.by, Кастагораў кампенсаваў страты ў трохразовым памеры — 340 тысяч еўра і 15 тысяч долараў. У выніку, яму змянілі меру стрымання на падпіску аб нявыездзе. Тым не менш, следства па яго справе працягваецца.
Віталь Кастагораў быў абраны членам Савета рэспублікі пятага склікання ад Магілёўскай вобласці. Ён з'яўляецца паспяховым бізнэсмэнам, неаднаразова прызнаваўся на Магілёўшчыне лепшым прадпрымальнікам года. Яго затрымалі 9 ліпеня пасля пазбаўлення недатыкальнасці, як сенатара.
Фота — ria.ru, sovrep.gov.by