Серэна Уільямс прайграла ў фінале “Ралан Гарос” Гарбінье Мугурусе
Амерыканская тэнісістка Серэна Уільямс, якая носіць тытул першай ракеткі свету, сенсацыйна прайграла іспанцы Гарбінье Мугурусе ў фінале “Ралан Гарос”. 22-гадовая Мугуруса абыграла 34-гадовую Уільямс у двух сэтах з лікам 7:5, 6:4.
Для іспанкі гэта першы тытул на турнірах Вялікага шлема і цяпер яна стане другой ракеткай свету. На бліжэйшым Уімблдонскім турніры Мугуруса зможа прэтэндаваць на першы радок у рэйтынгу WTA.
Для Уільямс сёлетні сезон складваецца даволі няўдала: двойчы яна прайгравала ў фіналах буйных турніраў (параза ад немкі Ангелікі Кербер на Australian Open і ад беларускі Вікторыі Азаранкі ў Індыян-Уэлсе). На турніры ў Маямі амерыканку выбіла з чацвертага круга расіянка Святлана Кузняцова. Толькі ў Рыме першая ракетка свету змагла заваяваць тытул.