"Шторм стагоддзя” з Брытаніі закране заходнюю Беларусь

Цыклон “ALEXANDRA” цяпер бушуе над Скандынавіяй. Потым ён пойдзе на расійскі Санкт-Пецярбург. Хвост шторму закране і Беларусь. Асабліва некамфортным надвор’е будзе ў Гродзенскай і Брэсцкай абласцях.

“У пятніцу, і асабліва ў суботу чакаецца вельмі некамфортнае надвор’е. Парывы ветру да 17 метраў за секунду, галалёдзіца, мокры снег і дождж. Цыклон ідзе да нас з Брытаніі, там яго ўжо назвалі штормам стагоддзя. Вецер да 130 км/г зрывае дахі, і там абвешчаны аранжавы ўзровень небяспекі. Потым цыклон пойдзе на Санкт-Пецярбург, а нас гэты цыклон зачэпіць”, — кажа ў каментары Еўрарадыё галоўны сіноптык Белгідраметэацэнтра Дзмітрый Рабаў.

Сіноптык кажа, што гэты шторм будзе нават горшы па характарыстыцы, чым цыклон "Хаўер", які адбыўся 15 сакавіка 2013 года.

Па словах Рабава, падчас "Хаўера" вецер падымаў снежныя масы ўверх і адбывалася завіруха. А пры новым шторме тэмпература будзе плюсавой, таму будзе снег і дождж. Свайго апагею шторм дасягне ў суботу — чакаюцца парывы ветра да 20 метраў за секунду. Але ў нядзелю ўсё пачне сціхаць.

Сіноптыкі ўжо зрабілі папярэджанне ўсім службам і рэкамендуюць аўтамабілістам пакінуць машыну дома.

Ілюстрацыйнае фота — з сацыяльных сетак

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі