Сілавікі затрымалі аўтарку антываеннага ліста ў Адміністрацыю Лукашэнкі

Сілавікі затрымалі аўтарку антываеннага ліста ў Адміністрацыю Лукашэнкі

4 красавіка сілавікі затрымалі актывістку Руху "За Свабоду" Людмілу Рамановіч. Сёння яе змясцілі ў брэсцкае СІЗА, паведамляюць праваабаронцы. 

Жанчыне вінавацяць паводле артыкула 368 Крымінальнага кодэкса (абраза прэзідэнта Беларусі). Падставай стаў яе ліст, дасланы ў Следчы камітэт.

На пачатку сакавіка Рамановіч даслала антываенны ліст на сайт Адміністрацыі Лукашэнкі. Яна пратэставала супраць удзелу Беларусі ў вайне супраць Украіны.

"Я бачу тую нябяспеку, у якую нас уцягнуў Пуцін са сваім войскам. Мы не можам прымаць у гэтым удзел. Краіна Беларусь — не нечы дачны участак: каго хачу, таго і запрашаю на шашлыкі. Я патрабую прыбраць чужую армію з Беларусі!

Украінцы нам не чужыя. А такім, як я і спадар Лукашэнка, варта падумаць, колькі ў нас украінскай крыві. Мне сорамна за тое, што з нашай зямлі ляцяць ракеты ў бок мірных людзей ва Украіне.

Мне страшна, што беларускія сыны могуць быць пасланыя ў мясарубку. Паляшук не павінен забіваць палешука з другога боку мяжы. Палешукі з украінскага боку не павінны лічыць беларускіх палешукоў забойцамі. Нам няма чаго дзяліць з украінцамі", — пісала Рамановіч у сваім антываенным звароце.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі