Скардзіна заняла 27-е месца ў гонцы пераследу, Домрачава — не стартавала
Дар’я Домрачава не стала прымаць удзел у гонцы пераследу, якая прайшла 15 студзеня ў нямецкім Румпольдынгу ў рамках 5-га этапу Кубка свету па біятлоне. Найлепшая беларуская біятланістка, якая зусім нядаўна вярнулася ў спорт пасля нараджэння дзіця, напярэдадні заняла 13-е месца ў спрынце, але з наступнай гонкі знялася. Пасля спрынту яна заявіла, што заўсёды пакідае сабе запас сіл для паляпшэння вынікаў.
Надзея Скардзіна, якая стартавала ў пас’юце 25-й, на фінішы паказала 27-ы вынік. На апошнім агнявым рубяжы беларуска дапусціла адзін промах і прайграла лідару гонкі 3 хвіліны 15,5 секунды. Ірына Крыўко з двума промахамі заняла 39-е месца (была 44-й на старце).
Перамога ў гонцы дасталася Кайсе Макярайнен з Фінляндыі, на другім месцы Габрыэла Каўкалава з Чэхіі, на трэцім — францужанка Мары Дарэн-Абэр.