Скрабец: У Фралова была моцная падтрымка ў Расіі
Сёння стала вядома пра смерць Валерыя Фралова, беларускага палітыка, генерала, які збіраўся паўдзельнічаць у прэзідэнцкіх выбарах у якасці кандыдата.
У панядзелак стала вядома пра смерць Валерыя Фралова, беларускага палітыка, генерала. Яму было 67 гадоў. У гутарцы з Еўрарадыё пра Валерыя Фралова гаворыць Сяргей Скрабец. У пачатку 2000-х яны былі дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў, разам уваходзілі ў дэмакратычную групу "Рэспубліка".
Скрабец: "Мы сустракаўся з ім два дні таму. Я дапамагаў яму ладзіць прэзідэнцкую кампанію, што будзе ў наступным годзе... Гэта быў шчыры, сумленны чалавек з адкрытай душой. Ён заўсёды, што думаў, тое і гаварыў... Вельмі быў адказны... Такіх людзей мала засталося, а ў палітыцы, я лічу, няма".
Паводле слоў Скрабца, у Фралова было шмат сяброў, якія апошнім часам ад яго адвярнуліся, баяліся кантактаваць з-за таго, што ён апынуўся ў апазіцыі. І Валерый Фралоў вельмі перажываў. Ён рыхтаваўся да ўдзелу ў прэзідэнцкай кампаніі 2015 года.
Скрабец: "Ён вельмі разлічваў на прэзідэнцкую кампанію, што будзе адбывацца ў 2015 годзе. Вельмі сур'ёзна да яе рыхтаваўся. У яго была моцная падтрымка ў Расіі. І тут [у Беларусі] сярод чыноўнікаў і ў сілавых структурах у яго была падтрымка. Таму выбары ён мог правесці вельмі бліскуча...".
Сяргей Скрабец кажа, што Валерый Фралоў быў "вельмі здаровым чалавекам", ніколі не наракаў на здароўе. Яны разам зусім нядаўна гулялі ў футбол. Таму ён здзіўлены яго нечаканай смерцю.
На здымку: Дэпутаты групы "Рэспубліка" Уладзімір Парфяновіч, Валерый Фралоў, Сяргей Скрабец, 2004 год. Фота — bymedia.net