Следчы камітэт вярнуў "Белсату" тэхніку

Следчы камітэт вярнуў "Белсату" тэхніку

Следчы камітэт вярнуў супрацоўнікам тэлеканала "Белсат" тэхніку, забраную падчас ператрусу ў мінскім офісе 9 красавіка. Пра гэта ў сваім акаўнце ў Фэйсбуку напісала кіраўніца тэлеканала Агнешка Рымашэўская. Па яе словах, супрацоўнікі Следчага камітэта папрасілі прабачэння за ўчынены вэрхал. 

Па словах журналіста Міколы Дзябёлы, які быў у офісе падчас ператрусу, следчыя забралі два сістэмныя блокі камп'ютараў, тры ноўтбукі, усе носьбіты інфармацыі, паведамляе прэс-служба БАЖ.

Афіцыйны прадстаўнік Следчага камітэта Сяргей Кабаковіч паведаміў, што ператрус адбываўся ў рамках справы пра паклёп. Нагодай стаў сюжэт пра карупцыю ў Мінздароўя, дзе паведамлялася пра затрыманне кіраўніка дзяржпрадпрыемства "Медтэхнацэнтр" Алега Шведа. У тэксце на сайце "Белсата" памылкова паведамлялася, што затрыманы не толькі Алег Швед, але і яго брат Андрэй, кіраўнік Дзяржкамітэта судовых экспертыз.

Супрацоўнікі тэлеканала, заўважыўшы памылку, выправілі яе і далі абвяржэнне. Аднак Андрэй Швед напісаў заяву на імя міністра нутраных спраў Ігара Шуневіча, патрабуючы прыцягнуць да адказнасці аўтара відэасюжэта Алеся Залеўскага за паклёп і дыскрэдытацыю дзяржаўных органаў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі