Сноўдэна абвінавацілі ў шпіянажы
Улады ЗША завялі крымінальную справу ў дачыненні да выкрывальніка сакрэтных амерыканскіх праграм збору асабістых звестак у інтэрнэце.
Эдвард Сноўдэн збег у Ганконг у траўні, пасля чаго апублікаваў інфармацыю аб сакрэтных аперацыях спецслужбаў з мэтай сачэння ў інтэрнэце.
З-за арганізаванай ім ўцечкі стала вядома, што амерыканскія спецслужбы атрымалі доступ да дадзеных аб мільёнах тэлефонных званкоў, а таксама да сервераў найбуйнейшых інтэрнэт-кампаній.
Улады ЗША рыхтуюць запыт на экстрадыцыю 30-гадовага Сноўдэна. Ён абвінавачваецца ў шпіянажы, крадзяжы дзяржаўнай уласнасці, а таксама ў наўмысным разгалошванні сакрэтнай інфармацыі абарончага характару. Кожнае з гэтых абвінавачанняў пагражае яму пакараннем да 10 гадоў турмы, інфармуе Радыё Свабода.
Першая інфармацыя аб дзейнасці спецслужбаў ЗША з’явілася ў пачатку чэрвеня, калі газэта Guardian апублікавала са слоў Сноўдэна, што ўлады ЗША распарадзіліся, каб тэлефонная кампанія Verizon перадала дадзеныя аб мільёнах званкоў Агенцтву нацыянальнай бяспекі ЗША.
Затым газэта Washington Post напісала, што амерыканскія спецслужбы маюць просты доступ да сервераў дзевяці найбуйнейшых інтэрнэт-кампаній, уключаючы Facebook, Google, Microsoft і Yahoo. Як паведамлялася, сакрэтная праграма спецслужбаў носіць назву Prism.
Фота: REUTERS