Выказваем заклапочанасць: "Іда" не сыходзіць, кітайцы патрабуюць выходных
Кароткі агляд сусветных навін / калаж Еўрарадыё
Вас усё яшчэ жахаюць сусветныя навіны? Вам здаецца, што не адбываецца нічога добрага? А вось група італьянцаў вырашыла не жахацца, а дзейнічаць: яны ідуць да Везувія, каб кінуць у вулкан пярсцёнак усеўладдзя і перамагчы зло.
Нават калі зло не перамогуць, у наш рэгулярны агляд сусветных навін дакладна трапяць. І ён стане крышачку лепшым.
"Іда" не сыходзіць
"Іда" — наймагутнейшы ўраган, які развярнуў назад Місісіпі, — усё яшчэ не пакінула ЗША ў спакоі. Яе "хвост" абярнуўся жахлівай паводкай, ад якой пацярпелі штаты Нью-Джэрсі, Нью-Ёрк і Канектыкут.
Стыхія літаральна заспела людзей знянацку. Што "Іда" выліецца дажджом, метэаролагі ведалі, але дзе, калі — прадказаць не маглі.
Дзевяць чалавек, і сярод іх двухгадовы малы, сталі ахвярамі стыхіі.
Кітайцы больш не хочуць перапрацоўваць
Кітайцы больш не хочуць адмаўляцца ад жыцця дзеля працы. Мінпрацы Кітая ў сумеснай заяве з Вярхоўным судом расказалі пра дзесяць судовых рашэнняў. Усе яны былі звязаныя з працоўнымі спрэчкамі і прымусам да звышурочнай працы. Што аб'ядноўвае гэтыя спрэчкі? Наймальнікі прайгралі.
Раней у Кітаі была распаўсюджаная культура "996". Гэта значыць, людзі працавалі з дзевяці раніцы да 9 вечара шэсць дзён на тыдзень. Наймальнікаў усё задавальняла, але тут маладое пакаленне кітайцаў забунтавала.
Людзей шакавалі навіны: сёлета з розніцай у тыдзень памерлі два супрацоўнікі платформы электроннай камерцыі. Адзін не дайшоў дадому пасля доўгага працоўнага дня. Другі скончыў жыццё самагубствам.
"Не памятаю, калі апошні раз бачыў дзённае святло", — пісалі людзі ў сацсетках, абмяркоўваючы нечалавечы графік працы.
Некаторыя эксперты лічаць, што рашэнне Вярхоўнага суда — выразнае пасланне кітайскім кампаніям. Маўляў, стаўцеся да сваіх работнікаў добра. І гэта пачынае працаваць: тэхналагічны гігант Vivo ужо сказаў, што з гэтага часу ў яго работнікаў будуць толькі поўныя выходныя, ніякіх перапрацовак у суботы.
Амстэрдам можа адмовіцца ад бургераў. І не толькі
У Амстэрдаме хочуць адмовіцца ад бургераў. А яшчэ ў Гаазе, Ратэрдаме і Утрэхце. Найбуйнейшыя гарады Нідэрландаў плануюць забараніць фастфуд для барацьбы з атлусценнем, піша РІА Новости са спасылкай на мясцовыя СМІ.
Дарэчы, паўгода таму мэр Амстэрдама выступаў з прапановай і продаж марыхуаны для турыстаў забараніць. Карацей, калі сцены рухнуць, а межы адкрыюцца, у Амстэрдам можна будзе ехаць, каб узяцца за ЗЛЖ.
Сноўдэн падазрае Apple
Эдвард Сноўдэн — памятаеце яго? — расказаў, чым небяспечны Apple. Аматарам тэорый змовы падрыхтавацца: усё сказанае вам вельмі спадабаецца.
Раней кампанія Apple праглядала звесткі карыстальнікаў, калі яны траплялі на серверы. А цяпер могуць рабіць гэта проста ў тэлефонах. Кампанія запэўнівае, што мэта — бяспека карыстальнікаў.
"Шукаць яны могуць усё што заўгодна. Яны могуць шукаць нейкія палітычныя нязручныя моманты, фінансавую інфармацыю. Як толькі Apple дакажа, што гэта магчыма <...>, то гэта будзе сур'ёзным парушэннем прыватнасці. Падумайце, ці зможа Apple адмовіць ураду ЗША, Расіі, Кітая, Францыі ці Вялікабрытаніі? Зразумела, адказ — не. Калі, вядома, яны хочуць працягваць прадаваць свае паслугі ў гэтых краінах. І гэта небяспечна!" — заявіў Сноўдэн у інтэрв'ю.
Паўлу Дураву гэтыя магчымасці Apple таксама не падабаюцца.
Кінуць пярсцёнак усеўладдзя ў Везувій
Чатыры хобіты, чараўнік, гном, эльф і два чалавекі ідуць у Неапаль, каб кінуць у вулкан Везувій пярсцёнак усеўладдзя. Не, мы не з'ехалі з глузду, і яны, здаецца, таксама.
Італьянцы проста так натхніліся гісторыяй з "Уладара пярсцёнкаў" Джона Толкіна, што вырашылі стварыць тут жа, у Італіі, сапраўдную вёску хобітаў.
Для гэтага патрэбныя грошы — хобіты, чараўнік, гном, эльф і два чалавекі спадзяюцца знайсці інвестараў на сваім шляху да вулкана.
Усё пачалося, калі італьянскі кандытар Нікалас Джэнтыле купіў сабе ўчастак зямлі ў рэгіёне Абруца і пабудаваў там дом. Дакладна такі самы, якія любілі будаваць хобіты з даліны Шыр. А потым ён вырашыў пашырыцца. Чаму б не пабудаваць цэлую вёску?
Дзеля мары італьянцы гатовыя на многае. Нават вось вулкан скарыць. Чаму Везувій? Удзельнікі паходу кажуць, што, як і гара з гісторыі Толкіна, як і ўвесь Мордар, Везувій сімвалізуе разбурэнне.
Ёсць і іншыя дзейныя вулканы. Чаму не кінуць пярсцёнак, напрыклад, у Этну? Таму што менавіта Везувій палохае італьянцаў дагэтуль — ён нашмат бліжэй знаходзіцца да людзей, чым іншыя вулканы.
Так што кінуць у яго пярсцёнак усеўладдзя — прадэманстраваць смеласць. Калі вас уразіў гэты паход, падтрымайце будаўніцтва Шыра еўрацэнтам.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.