Старшыня акруговага выбаркаму: Інфармацыя пра ўкід бюлетэняў — правакацыя
Укіду бюлетэняў на выбарчым участку №625 ў Мінску не было. Такую заяву для журналістаў зрабіла старшыня акруговай выбарчай камісіі Каліноўскай выбарчай акругі №108 Ірына Родзік. Яна пракаментавала абвінавачанні з боку незалежных назіральнікаў у фальсіфікацыях вынікаў датэрміновага галасавання.
Як сцвярджае старшыня акруговага выбаркаму, інфармацыя, апублікаваная ў інтэрнэце пра інцыдэнт на выбарчым участку, “з’яўляецца правакацыяй і скіраваная на дыскрэдытацыю выбарчай кампаніі”. Паводле Ірыны Родзік, на гэтым участку выкарыстоўваюць празрыстыя скрыні, а “галасаванне праводзіцца галосна, адкрыта, празрыста”.
Што да разыходжанняў з дадзенымі назіральнікаў у лічбах па колькасці асобаў, якія прагаласавалі, то Родзік патлумачыла гэта памылкай сакратаркі ўчастка. Маўляў, сакратарка ўносіла ў пратакол датэрміновага галасавання “дадзеныя з нарастаючым вынікам штодня”: у сераду — за аўторак, у пятніцу — за чатыры дні. А насамрэч яна павінна была ўносіць у пратакол колькасць выбаршчыкаў, якія прыйшлі ў гэты дзень, паведамляе БЕЛТА.
Нагадаем, што назіральнікі з кампаніі “Права выбару” заявілі пра парушэнні на выбарчым участку №625 і апублікавалі ў якасці доказу фотаздымкі скрыні з бюлетэнямі.