Статкевіч агучыў план правядзення ў Мінску акцыі супраць "падатку на дармаедаў"
У пятніцу ўвечары ў цэнтры Мінска пройдзе вулічная акцыя супраць "падатку на дармаедаў". Напярэдадні яе экс-кандыдат у прэзідэнты Мікалай Статкевіч агучыў у Facebook папярэдні план правядзення "Маршу абураных беларусаў". Ён піша, што яго прыняў "Беларускі нацыянальны кангрэс".
Паводле Статкевіча, удзельнікі збяруцца на Кастрычніцкай плошчы. На народным сходзе яны збіраюцца прыняць патрабаванні да ўлады і прайсці да будынка Міністэрства па падатках і зборах. Адзначым, што сталічныя ўлады правядзенне вулічнай акцыі не дазвалялі.
Як вядома, дэкрэт № 3 "Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства" закліканы стымуляваць удзел беларусаў у працоўнай дзейнасці, у фінансаванні дзяржвыдаткаў. Грамадзяне Беларусі і замежнікі, якія стала жывуць у нашай краіне, але не ўдзельнічаюць у фінансаванні дзяржаўных выдаткаў, а калі ўдзельнічаюць, то менш за 183 каляндарныя дні на год, мусяць заплаціць не пазней за 20 лютага збор. Нядаўна была інфармацыя, што яго аплацілі толькі 10% тых, каму былі дасланыя адпаведныя паведамленні.