Што рабіць, калі вы атрымалі "ліст шчасця" з падатковай (інструкцыя)
20 лютага ў Беларусі дармаедскі дэдлайн ― апошні дзень у які магчыма беспакарана выплаціць дзяржаве 20 базавых збору за "дармаедства". Еўрарадыё склала інструкцыю, як можна дзейнічаць, калі вы сталі адным з 470 тысяч шчасліўчыкаў, якія атрымалі "лісты шчасця".
Варыянт 1 ― атрымаў ліст, хачу заплаціць і маю грошы.
Віншуем, вы проста знаходка для дзяржавы. Бярыце "ліст шчасця", грошы і шуруйце ў бліжэйшы "Беларусбанк", дзяўчаты на касе вам дадуць бланк, дапамогуць яго запоўніць і забяруць вашы лішнія 360 рублеў.
Такі варыянт зусім не рэдкасць ― толькі ў Мінску дармаедскі падатак ужо заплаціла больш за 15 тысяч чалавек. Таму вы не ў адзіноце.
Варыянт 2 ― атрымаў ліст, хачу заплаціць, але няма грошай.
Таксама нядрэнна. Грошы не такія вялікія ― можна пазычыць у родных ці сяброў, узяць крэдыт, альбо яшчэ што прыдумаць. Галоўнае, зрабіць гэта да 20 лютага, іначай пачне капаць пеня і пазычаць прыдзецца большую суму.
"Вельмі ўдзячная чыноўнікам і прэзідэнту". Як вызваліцца ад дармаедскага збору
Даведкі ад урачоў, выпіску з медкарты, заяву пісала, пра сваю сітуацыю тлумачыла. Сказалі, што месяц будуць разглядаць маё пытанне. Але вось нават раней атрымала адказ. Цяжкасцяў не было з гэтым. Што ў 2016 годзе будзе, я не ведаю. У мяне там менш дзён адпрацавана і адзін працадаўца не афармляў... Мне пайшлі насустрач.
Варыянт 3 ― атрымаў ліст, грошы маю, плаціць не хачу.
У такім выпадку можна абраць некалькі накірункаў для дзеянняў. Найбольш відавочны і юрыдычна правільны ― звярнуцца ў суд. Гэтак, напрыклад, зрабіў гамяльчанін Аляксандр Сямёнаў. Дастаткова проста дайсці да канцылярыі, напісаць заяву і аплаціць пошліну. З афармленнем заявы могуць дапамагчы ў незалежных прафсаюзах (для надзейнасці туды лепш уступіць, іначай суд можа не дапусціць юрыста прафсаюза на паседжанне ў якасці вашага законнага прадстаўніка). Галоўным аргументам для суда могуць стаць даведкі аб выплаце падаткаў, збораў і іншага на карысць дзяржавы. Сямёнаў, напрыклад, мае квіткі аб выплаце дарожнага збору і падатку на зямлю.
Варыянт 4 ― атрымаў ліст, грошай няма, а каб былі, то не плаціў бы.
Можна паспрабаваць пераканаць улады ў тым, што вы знаходзіцеся ў "цяжкім матэрыяльным становішчы". Гэта афіцыйная прычына не плаціць дармаедскі збор, прапісаная у тэксце дэкрэта. Для гэтага трэба прыйсці ў раённы альбо гарадскі выканаўчы камітэт, знайсці там "Адно акно" і напісаць заяву. Хутчэй за ўсё, чыноўнікі на слова вам не павераць і папросяць прынесці яшчэ даведкі аб прыбытках членаў сям'і, альбо нешта іншае. Рыхтуйцеся таксама да таго, што супрацоўнікі райвыканкама наведаюць ваш дом, праб'юць па базе ДАІ (раптам ёсць аўто), зробяць запыт памежнікам (не дай божа, ездзіў за мяжу) і нават адчыняць лядоўню на кухні. Калі нехта ў сям'і працуе, то шансы вызваліцца ад збору падаюць. Калі працуюць адразу некалькі членаў сям'і, іх увогуле не застаецца. Як паказвае практыка, вызваляюць ад выплаты дармаедскага збору толькі 3-4% "дармаедаў". У асноўным тых, хто не знайшоў працу адразу пасля завяршэння вучобы, альбо не мог працаваць праз кепскі стан здароўя.
Як у Беларусі з'явіўся збор за "дармаедства". Храналогія
Пра барацьбу з "дармаедамі" беларускія ўлады загаварылі ў сакавіку 2012 года. "Прыцягнуць людзей да грамадска карыснай дзейнасці" прапаноўваў дэпутат Віктар Гумінскі. Аднак пра збор з беспрацоўных тады гаворкі не вялося.
Варыянт 5 ― атрымаў ліст, але лепш сяду ў турму, чым буду нешта плаціць.
Калі ласка, Дэкрэт №3 прадугледжвае такую магчымасць для кожнага ахвотнага. Але ёсць нюанс ― "на суткі" вас пасадзяць толькі, калі праз суд прызнаюць злосным неплацельшчыкам. Гэта магчыма калі не будзеце плаціць дзяржаве доўга і ўпарта. Для поўнай гарантыі, каб далі суткі, а не штраф, можна нешта рэвалюцыйнае сказануць на судзе, часам спрацоўвае. Іронія лёсу ў тым, што адседзець свой падатак замест таго, каб плаціць, усё адно не атрымаецца. Выйшаўшы з камеры, прыйдзецца плаціць і дваццаць базавых, і пеню, і нават кошт адсідкі. А значыць ― "Беларусбанк", квітанцыя, дзяўчаты на касе.
Варыянт 6 ― атрымаў ліст, але я ж працую! (інвалід, пенсіянер, у дэкрэце, жыву за мяжой, даўно памёр, іншае)
Ідзіце ў сваю падатковую. Хутчэй за ўсё, яны прызнаюць, што памыліліся (гэта ў іх з Дэкрэтам №3 часта бывае, толькі па Гомельскай вобласці выслалі дзесяць тысяч памылковых "лістоў шчасця"). Калі не прызнаюць, глядзіце варыянт 3.
Варыянт 7 ― ліста не атрымліваў, але спаць не магу, так перажываю.
Можаце падпісацца супраць Дэкрэта №3. Прасцей за ўсё гэта зрабіць у інтэрнэце (Гугл дапаможа), можна таксама паспрабаваць злавіць Анатоля Лябедзьку ля Камароўкі. Толькі папярэдне патэлефануйце на офіс АГП і ўдакладніце, калі менавіта яны плануюць збіраць подпісы ды не спазняйцеся, яны гэта робяць не больш за гадзіну. Калі жывеце ў Гомелі, схадзіце ў офіс незалежнага прафсаюза РЭП.
Калі подпісу "супраць" для вашага сумлення мала, можаце схадзіць на Марш недармаедаў (іх у бліжэйшы месяц будзе некалькі). Але будзьце гатовыя да пратакола за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве. За пратаколам штраф і... візіт у "Беларусбанк".