У Чавускім раёне высвятлялі, чаму "людзі не імкнуцца да нармальнага жыцця"
"Прафілактычная гутарка"
У аграгарадку Ляўкоўшчына Чавускага раёна прайшло пасяджэнне Савета грамадскага пункта аховы правапарадку. У ім паўдзельнічалі сілавікі і чыноўнікі, а сярод іх намесніца старшыні райвыканкама Ганна Падворная. Галоўныя тэмы такіх мерапрыемстваў — вырашэнне праблемы п'янства і беспрацоўя сярод вяскоўцаў.
Сёлета на тэрыторыі Гарбовіцкага сельсавета было здзейснена шэсць злачынстваў, сярод якіх крадзеж, незаконнае паляванне, парушэнне правілаў дарожнага руху. Зарэгістраваныя 32 адміністрацыйныя правапарушэнні: сямейныя скандалы, парушэнне правілаў утрымання жывёл, хуліганства, распіццё алкагольных і слабаалкагольных напояў, пражыванне без рэгістрацыі.
На пасяджэнне савета запрасілі тых вяскоўцаў, якія злоўжываюць спіртнымі напоямі і не жадаюць працаўладкоўвацца альбо працуюць, але "парушаюць працоўную дысцыпліну", а таксама аднаго чалавека, які вызваліўся "з устаноў крымінальна-папраўчай сістэмы". Агулам разглядаліся справы 8 жыхароў сельсавета, з якімі правялі "прафілактычныя гутаркі".
Як піша раённая газета, дырэктар мясцовага сельскагаспадарчага прадпрыемства Мікалай Таўстыгін расказаў пра "дасягненні" некаторых з прысутных. Паводле яго слоў, "людзі не імкнуцца да нармальнага жыцця". А на шлях выпраўлення становяцца толькі адзінкі. Іншыя працягваюць злоўжываць алкаголем і не хочуць шукаць працу.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.