У Маскве пабіліся гандбалісты нацыянальных зборных Беларусі і Расіі
Матч у Маскве
У Маскве пабіліся гандбалісты нацыянальных зборных Беларусі і Расіі. Адбылося гэта ў аўторак на таварыскім турніры "Гульні сяброўства". Напярэдадні беларусы абыгралі расіян з лікам 28:26. У другім матчы зборная Беларусі зноў перамагла — 32:28.
Сутычка адбылася ў канцы другога тайма. Беларусы выйгравалі і ў браму расійскай зборнай за парушэнне быў прызначаны 7-метровы. У сутычцы спачатку паўдзельнічалі беларус Мікіта Вайлупаў і расіянін Ілля Беляўцоў (апошні ў выніку атрымаў чырвоную картку). Пасля падбеглі ўсе астатнія гандбалісты зборных. Арбітры не адразу змаглі іх супакоіць.
"Бойка, вядома, не ўпрыгожвае спорт, але эмоцыі прысутнічаюць, калі іх няма, то не трэба наогул выходзіць на пляцоўку", — сказаў галоўны трэнер беларускай зборнай Юрый Шаўцоў.
Беларускі, як і расійскі гандбол, знаходзіцца пад санкцыямі. Зборным РБ і РФ даводзіцца гуляць паміж сабой.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.