У Дзятлаўскім раёне чыноўнікі і сілавікі высвятлялі, чаму вяскоўцы не працуюць
"Навошта ісці на працу, ужо хутка ўсё"
У Дзятлаўскім раёне Гродзенскай вобласці чыноўнікі і сілавікі высвятлялі, чаму вяскоўцы не працуюць. "Комплекснае прафілактычнае мерапрыемства" прайшло на базе Новаяльнянскага сельвыканкама. На сустрэчу з дэлегацыяй з Дзятлава прыйшлі восем чалавек з 20 запрошаных. Гэта "мясцовыя жыхары, якія нядаўна вызваліліся з месцаў пазбаўлення волі, і грамадзяне, якія не працуюць і не жадаюць гэта рабіць", паведамляе раённая газета.
Прадстаўнікоў мясцовых уладаў абурае, што большасць беспрацоўных маюць “хадавыя” на рынку працы прафесіі (повар, зваршчык, будаўнік), аднак працаваць па іх не збіраюцца і нібыта выдумляюць прычыны (пратэрмінаваны пашпарт, праблемы са здароўем, непасільныя нагрузкі). А некаторыя казалі, што някепска зарабляюць, збіраючы і здаючы грыбы, ягады.
"Навошта ісці на працу, ужо хутка ўсё", — патлумачыў сваю пазіцыю 59-гадовы мужчына. Прысутныя палічылі, што ён меў на ўвазе набліжэнне пенсійнага ўзросту.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.