У Беларусі медыцыну для дальнабойшчыкаў хочуць зрабіць платнай

У медустанове, ілюстрацыйнае фота

У медустанове, ілюстрацыйнае фота / pixabay.com

У беларускай Палаце прадстаўнікоў абмяркоўваюць закон, які абавяжа грамадзянаў, не занятых у эканоміцы, плаціць за медыцынскія паслугі ў дзяржаўных бальніцах і паліклініках. Пра гэта стала вядома Deutsche Welle. 

Рэсурс прыводзіць словы дэпутата Віктара Плескача. Ён, выступаючы на пасяджэнні камісіі аб "дармаедах", заявіў, што чыноўнікі задумаліся, як "прастымуляваць грамадзян працаваць", у тым ліку і "непапулярнымі метадамі". У якасці прыкладу Пляскач прывёў дальнабойшчыкаў, якія працуюць у краінах Еўрасаюза.

"Быццам бы ўсе кажуць, маўляў, яны прывозяць грошы, якія ідуць у эканоміку Беларусі, і гэта быццам бы добра. Але сёння любы працадаўца Беларусі плаціць у Фонд сацыяльнай абароны адлічэнні ў выглядзе 34% ад заробку на пенсійнае забеспячэнне, а ў нас кожны чацвёрты — пенсіянер", — заявіў дэпутат. Таму, з ягоных слоў, раней была прынятая пастанова абавязаць "дармаедаў" плаціць павышаны тарыф на ацяпленне і гарачую ваду. А наступным крокам можа стаць платная медыцына.

Раней пра магчымасць увесці платную медыцыну для незанятых у эканоміцы казала намесніца міністра аховы здароўя Алена Краткова. Бясплатнай застанецца толькі хуткая медыцынская дапамога. "Што тычыцца стаматалагічных паслуг, планавых шпіталізацый, на мой погляд, гэта павінна быць платным. Мы шмат гаворым пра тое, у колькі дзяржаве абыходзіцца ахова здароўя — каля 4,5% ВУП", — заявіла чыноўніца.

Паводле дэпутата Плескача, закон аб платнай медыцыне для "дармаедаў" знаходзіцца ў стадыі абмеркавання.

У чатах дальнабойшчыкаў навіну аб увядзенні для іх платнай медыцыны ўспрынялі з абурэннем. Там лічаць, што ўлады, замест таго, каб вырашыць праблему з нізкімі заробкамі, хочуць пакараць простых кіроўцаў, якія працуюць за мяжой вымушана. "Мы ездзім працаваць за мяжу не ад добрага жыцця", — кажа Арцём, які да 2023-га года працаваў на чыгунцы. "Усё, што зарабілі, прывозім назад у Беларусь, дзе засталіся сем'і", — дадаў ён. "Я восем тыдняў у рэйсе, на два тыдні прыязджаю дадому, у мяне няма часу чакаць талон у паліклініцы, таму калі нешта і баліць, іду ў прыватны цэнтр. Так што бясплатную медыцыну і так не бачу", — дадаў мужчына.  

Іншы суразмоўца DW па імені Дзмітрый больш за дзесяць гадоў прапрацаваў на дзяржаўным прадпрыемстве. Апошнія два гады працуе кіроўцам на фуры. "Дзе ты ў Беларусі заробіш 2 тысячы еўра? Але мы ж гэтыя грошы прывозім дадому, забяспечваем сем'і, а нас называюць дармаедамі", — абураецца мужчына.

Калі дэпутаты прымуць новаўвядзенне, медыцына зробіцца платнай не толькі для дальнабойшчыкаў, а наогул для ўсіх, хто трапіў у "базу дармаедаў".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі