Чаго хоча Трамп і адкуль у Зендаі пярсцёнак на пальцы — #ІхНоравы
#ІхНоравы
Зендая з'явілася на публіцы з пярсцёнкам на безыменным пальцы. Гэта што — яна заручылася з Томам Холандам? Гэтую навіну сёння маглі б абмяркоўваць многія, але тут Дональд Трамп сказаў, што яму патрэбная Грэнландыя, і зноў давялося абмяркоўваць Трампа.
Вяртаецца "закон мацнейшага"?
Хутчэй за ўсё раней вы чулі пра Грэнландыю толькі ў сувязі з раставаннем леднікоў і кліматычным крызісам. Але Дональд Трамп прымусіў інакш паглядзець на гэтую тэрыторыю. Цяпер вы будзеце чуць пра Грэнландыю толькі ў сувязі з тым, што Трамп хоча яе сабе.
Новаабраны прэзідэнт ЗША даў неадназначную прэс-канферэнцыю, якую ўжо цытуюць па ўсім інтэрнэце. І Панамскі канал ён хоча вярнуць (Штаты перадалі Панаме кантроль над ім чвэрць стагоддзя таму). І Мексіканскі заліў ён не супраць перайменаваць у Амерыканскі. І Канаду хацеў бы бачыць 51-м штатам.
І яшчэ Трамп хоча Грэнландыю. Праблема ў тым, што Грэнландыя як бы не проста так плавае ў акіяне, а плавае там пад сцягам Дацкага каралеўства. А Данія — сябра Еўрасаюза, так што ад неакуратных слоў Трампа прыўстаў увесь ЕС.
Міністр замежных спраў Францыі Жан-Наэль Баро сказаў, што не верыць у амерыканскае ўварванне ў Грэнландыю. Але канстатуе: мы "ўступілі ў эпоху вяртання закона мацнейшага".
У 2024 годзе Rolls-Royce прадаў больш за 5,7 тыс. аўтамабіляў, вырабленых на індывідуальную замову. Кампанія адмаўляецца называць цэны на такія аўто. Але вядома, што самая "танная" мадэль каштуе больш за 300 тыс. еўра.
Каліфорнія ў агні
На гэтыя дні ў Лос-Анджэлесе быў запланаваны шэраг прэм'ер, але іх адмянілі, таму што фільм-катастрофу там сёння можна назіраць з акна.
У Каліфорніі бушуюць лясныя пажары, у самым Лос-Анджэлесе абвясцілі надзвычайнае становішча і эвакуявалі больш за 30 тыс. чалавек. Мясцовыя жыхары кажуць, што ніколі ў жыцці не бачылі нічога падобнага. Людзі пакідаюць свае дамы і машыны, ратуючыся ад агню, і іх дамы палаюць.
California firefighters battled wind-whipped wildfires that tore across the Los Angeles area, destroying homes, clogging roadways as tens of thousands fled, and straining resources as the fires burned uncontained early Wednesday.https://t.co/9ZGEm6dLrP
— FOX26 News (@KMPHFOX26) January 8, 2025
З-за сухога надвор'я і моцнага ветру пажар распаўсюдзіўся надзвычай хутка, і вецер працягвае раздзімаць яго. Губернатар Каліфорніі кажа, што ў штаце больш няма пажаранебяспечнага сезона — цяпер увесь год стаў пажаранебяспечным.
Ці з'яўляецца гэта вынікам змены клімату? Эксперты сцвярджаюць, што павышэнне глабальнай тэмпературы ўплывае на пажары, нават калі не з'яўляецца іх прамой прычынай.
Ваш ранішні капучына аказаўся карысным
А аматары кавы ўсё не кідаюць спробаў даказаць, што ваш ранішні капучына — гэта суцэльная карысць для здароўя. І навукоўцы Універсітэта Тулейна ў Новым Арлеане (ЗША) выявілі, што кава і сапраўды карысная. Але толькі калі вы выпіваеце кубачак напою раніцай, а не нанач.
Даследнікі прааналізавалі спажыванне кавы больш за 40 тысяч дарослых.
"Важна не толькі, калі вы п'яце каву ці колькі вы п'яце, але і пара сутак, калі вы п'яце каву", — сказаў эксперт па харчаванні і эпідэміялогіі ва Універсітэце Тулейна ў Новым Арлеане прафесар Лу Цы.
Верагодна, каву лепш піць раніцай, таму што ўвечары яна можа парушыць цыркадныя рытмы і выпрацоўванне гармона мелатаніна. Гэта значыць, вы будзеце горш спаць, а яшчэ можа падвысіцца артэрыяльны ціск.
А вось і яшчэ адзін нечаканы эфект карысці кавы: некаторыя рэчывы ў крыві, якія выклікаюць запаленчыя працэсы, часта дасягаюць пікавых паказчыкаў раніцай. А супрацьзапаленчыя злучэнні ў ранішняй каве могуць іх нейтралізаваць. Дарэчы, гэта датычыць і звычайнай кавы, і кавы без кафеіну.
Не ведаем, як вы — а мы ўжо паставілі чайнік.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.