Латвійцу, асуджанаму за наркотыкі, забаранялі лісты да сваякоў па-латышску
Эмілс Асарс
Латвіец Эмілс Асарс, якога ў Беларусі асудзілі за знойдзеныя наркотыкі, некалькі месяцаў не мог звязацца са сваякамі, бо яму забаранялі пісаць лісты па-латышску. Пра гэта сайту Reform.news расказаў яго сваяк Аркадзь Цярва.
22-гадовага Эмілса затрымалі 11 верасня 2024 года. Мытнікі паведамілі, што знайшлі ў яго 1,06 грама амфетаміну. Верхнядзвінскі суд прысудзіў яму пяць гадоў зняволення па абвінавачанні ў кантрабандзе наркотыкаў праз мяжу. Да сённяшнягадня ад хлопца не было ніякіх навін.
"Сёння пад Каляды праз адваката прыйшлі тры лісты — за 20, 24 і 29 снежня. Мы пісалі адвакату на электронную пошту, ён раздрукоўваў лісты і перадаваў Эмілсу. Раней ён не мог адказаць нам праз пошту. Спачатку ён напісаў лісты па-латышску, але іх не прапусціла цэнзура. Сказалі, што можна пісаць толькі па-руску", — дзеліцца падрабязнасцямі Аркадзь Цярва.
Для перапіскі неабходна купляць паштовыя маркі. Пераслаць Эмілсу грошы на гэтыя патрэбы немагчыма, бо Латвія блакуе пераводы на рахункі дзяржаўных беларускіх устаноў. Цярва кажа, што за гэтыя месяцы яны не чулі нават голаса Эмілса — тэлефонных размоваў ім не даюць.
Таксама да Эмілса не пусцілі латвійскага адваката, кажа Цярва: "Хоць у яго былі паўнамоцтвы з Міністэрства ўнутраных спраў Латвіі і дазвол консула Латвіі. На той момант ужо следства было скончана. Следчы сказаў адвакату, што Эміль адмовіўся ад сустрэчы. Хоць у сваіх лістах Эмілс кажа, што першы раз чуе пра такое".
Мужчына вінаваціць беларускія дзяржаўныя органы ў хлусні пра своечасовае паведамленне сваякам аб затрыманні Эмілса. Маці, паводле яго, не атрымлівала ніякіх дакументаў пра арышт сына. Консульства Латвіі ў Віцебску не інфармавалі пра пачатак суда. "Пра суд мы даведаліся ад адваката, толькі калі ён пачаўся", — заяўляе мужчына.
Паводле яго, за чатыры месяцы ў Эмілса было пяць бясплатных адвакатаў, але ніводзін з іх не прысутнічаў ні на адным допыце. На суд у Беларусь сваякі не паехалі — пабаяліся арышту.
Нейкія махляры вырашылі зарабіць на сваяках затрыманага латвійцы — прапанавалі "дапамагчы" і выкупіць Эмілса за 30 тысяч еўра. Сваякі запісалі размову, зрабілі скрыншоты і перадалі ў паліцыю. "Іх затрымала латышская паліцыя і будуць судзіць за вымагальніцтва. Яны грамадзяне Латвіі", — расказвае Цярва.
Паводле яго, Эмілс плануе падаць запыт на экстрадыцыю, каб яго перадалі на радзіму для адбыцця пакарання — беларускія і латвійскія законы гэта дазваляюць. Праўда, Беларусь можа і адмовіць.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.