Блогер Vadimati расказаў пра свой "нізкі статус" у калоніі
Вадзім Ермашук (Vadimati)
Экс-палітвязень, блогер Вадзім Ермашук (Vadimati) у калоніі быў у "нізкім статусе". Пра гэта ён расказаў у інтэрв'ю выданню MOST.
Гродзенец меў у Інстаграме больш за 50 тысяч падпісчыкаў. У 2021 годзе яго затрымалі ў Шчучыне, куды ён прыехаў на сустрэчу з падпісчыкамі. Спярша асудзілі па адміністрацыйных артыкулах, а потым — па крымінальных. Вадзіма абвінавацілі ў абразе Лукашэнкі і здзеку з дзяржсімвалаў. За гэта яму прысудзілі тры гады зняволення.
Пакуль блогер адбываў адміністрацыйны арышт, сілавікі, з ягоных слоў, пачалі распаўсюджваць ролік, зняты схаванай камерай у ягонай кватэры. На відэа быў палавы акт з мужчынам. Перад распаўсюдам роліка міліцыянты прапанавалі Ермашуку "пакаяцца" за палітычны кантэнт у блогу. "Мне так і сказалі: "Давай, пакайся, будзеш гродзенскім Пратасевічам". Вядома, гэта відэа стала для мяне поўным шокам", — згадвае блогер.
Пасля адмовы Вадзіма ролік сталі выкладваць у чатах і рассылаць у асабістыя паведамленні блізкім і сябрам.
У Бабруйскай калоніі Ермашука перавялі ў нізкі сацыяльны статус. У карантыне, згадвае блогер, яго змясцілі да людзей, асуджаных за гвалт: "Я жыў з людзьмі, якія гвалтавалі маленькіх дзяцей, забівалі сваіх жонак. Быў адзін мужчына, які трымаў у закладніках дзяўчынку, гвалтаваў яе, а потым у парыве запалу адрэзаў ёй смочку. І да гэтага мужыка было нашмат больш павагі, чым да мяне".
Паводле Вадзіма, кантактаваць з ім у калоніі не баяліся толькі некаторыя палітвязні. Каб пазбегнуць ціску, блогер часам сам прасіўся ў штрафны ізалятар.
На волю Ермашук выйшаў 26 чэрвеня 2024 года. Цяпер ён жыве ў Польшчы.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.