Навальнага адпусцілі пад падпіску аб нявыездзе
18 ліпеня расійскі апазіцыянер атрымаў 5 гадоў калоніі і да ўступлення прысуду ў сілу будзе на свабодзе.
Разам з ім па справе раскрадання маёмасці кампаніі “Кіраўлес” быў асуджаны былы дырэктар прадпрыемства Пётр Афіцэраў.
19 ліпеня Кіраўскі абласны суд разгледзеў скаргу Пракуратуры на іх арышт. Маўляў, да ўступлення прысуду ў сілу асуджаныя могуць знаходзіцца пад падпіскай аб нявыездзе. З такой пазіцыяй пагадзіўся кіраўнік прэзідэнцкага Савета пра правах чалавека Міхаіл Фядотаў. Ён заявіў: “Старая савецкая традыцыя арыштоўваць асуджанага ў зале суда адразу пасля абвяшчэння прысуду цяжка стасуецца з дзеючай Канстытуцыяй”.
Як перадае Lenta.ru са спасылкай на расійскія інфармагенцтвы, арыштаваных прывезлі ў суд аўтазакам. У судзе ўзмацнілі захады бяспекі, там дзяжурылі каля 20 супрацоўнікаў паліцыі. Ля будынку сабраліся прыхільнікі апазіцыянера.
Напярэдадні, у дзень абвяшчэння прысуда прыхільнікі Навальнага зладзілі ў Маскве шматтысячныя акцыі пратэсту, колькасць затрыманых перавысіла 200 чалавек.