Сурыкаў: “Патрабаванні Еўропы да Беларусі мы лічым празмернымі”

Так, як сябруюць ды супрацоўнічаюць Расія і Беларусь больш ніхто ў свеце не сябруе і не супрацоўнічае. І таваразварот паміж нашымі краінамі павышаецца шалёнымі тэмпамі, і ў знешняй палітыцы мы — партнёры, і ў ваеннай сферы — калегі, і гэтак далей. Нават дэмакратыю мы будуем своеасаблівую, сцвярджае Надзвычайны і Паўнамоцны пасол Расіі ў Беларусі Аляксандр Сурыкаў.



Аляксандр Сурыкаў: “У Расіі і Беларусі гісторыя і нацыянальныя карані маюць далёкае мінулае, у тым ліку, і культуру. І мы вымушаныя, не вымушаныя, а абавязаныя гэта ўлічваць і падчас пабудовы грамадзянскай супольнасці, і ў працэсах дэмакратызацыі краіны”.



Відаць, менавіта таму і стаўленне да рэакцыі міжнароднай супольнасці на тое, як у нас гэтыя “працэсы дэмакратызацыі краіны” адбываюцца, у Масквы і Мінска падобнае.



Аляксандр Сурыкаў: “Патрабаванні Еўропы мы лічым празмернымі. Выпусці палітзняволеных! У краіне паводле закона няма палітзняволеных! Гэта — крымінальныя злачынствы. Як выпусціць?! Якіх палітзняволеных?! Дэ факта прызнаць, што парушана заканадаўства і Канстытуцыя краіны? Што, улада павінна твар свой згубіць зусім? Так жа не бывае!”



Праўда, падабенства ў стаўленні да палітычных апанентаў не азначае, што Крэмль ва ўсім будзе “падстаўляць плячо” афіцыйнаму Мінску. Да прыкладу, дапамагаць крэдытамі, каб мадэрнізаваць беларускія прадпрыемствы, Расія плануе выбарачна.



Аляксандр Сурыкаў: “Дайце нам на мадэрнізацыю!” Вось, мы возьмем, да прыкладу, швейную фабрыку беларускую, мадэрнізуем, і яна будзе больш канкурэнтная, чым расійская. Гэта хто ж калі выдаткоўваў грошы на вырошчванне сваіх канкурэнтаў?!”



Але калі прадпрыемства пасля мадэрнізацыі стане “беларуска-расійскім бізнес-праектам”, то грошы ў Крамлі могуць і знайсці. І ў чарговы расійскі пасол раз загаварыў пра жыццёвую неабходнасць зліцця МАЗа і КАМАЗа.



Аляксандр Сурыкаў: “Я толькі магу пашкадаваць. Бо калі б мы гэта раней зрабілі (аб’ядналі МАЗ і КАМАЗ у холдынг. — Еўрарадыё), то мы б цяпер мелі не пастаяннае скарачэнне гэтай пазіцыі на расійска-беларуска-казахскім рынку, а больш важкую. А то і ў мінулым годзе нас кітайцы пасунулі крыху (па продажам грузавых аўтамабіляў – Еўрарадыё)”.



Апроч таго, сцвярджае Сурыкаў, абмяркоўваецца аб’яднанне “Гродна-азота” і расійскага “Еўрахіма”, створаныя працоўныя групы, якія вырашаюць далейшы лёс беларускіх прадпрыемстваў “Інтэграл” і “Пеленг” — на іх “паклалі вока” “Расійская электроніка” і Роскосмас, а КАМАЗ не супраць яшчэ і Мінскі завод колавых цягачоў “аб’яднаць”.



А вось на пытанне ці выбралі расійскія вайскоўцы месца для сваёй авіябазы, расійскі пасол не адказаў. Нібыта, не ведае. Але кажа, што прыдатных аэрадромаў у нашай краіне пасля ліквідацыі Беларускай вайсковай акругі — “мама родная!”, выбірай любы! Як не ведае Аляксандр Сурыкаў і таго, ці будзе Масква патрабаваць ад афіцыйнага Мінска кампенсацыі не атрыманай пошліны ў памеры каля 1,5 мільярдаў долараў за беларускі “разбаўляльна-растваральны” бізнес.

Фота: Змітра Лукашука

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі