Сусветныя лідары патрабуюць знайсці вінаватых у гібелі рэйса MH17

17 ліпеня ў Аўстраліі праходзіць цырымонія памінання ахвяр крушэння рэйса MH17. Роўна год таму ён быў збіты ў небе над Данбасам. Загінулі 298 чалавек — усе, хто быў на борце самалёта. 38 з іх былі грамадзянамі або жыхарамі Аўстраліі. Большасць загінулых — грамадзяне Нідэрландаў. Boeing-777 ляцеў з Амстэрдама ў Куала-Лумпур.

Краіны Захаду лічаць, што існуе дастаткова доказаў таго, што самалёт быў збіты ракетнай устаноўкай, якую Расія прадаставіла прарасійскім узброеным фарміраванням на ўсходзе Украіны. Расія гэта адмаўляе, інфармуе ВВС.

Дэпутаты парламента Аўстраліі перапынілі свае зімовыя канікулы і вярнуліся ў Канберу на цырымонію памінання загінулых. Перад пачаткам цырымоніі прэм'ер-міністр Тоні Эбат сказаў, што "на борце гэтага самалёта былі 298 ні ў чым не вінаватых людзей, і наша пачуццё справядлівасці не можа прыняць іх гібель". Міністр замежных спраў Джулі Бішап заявіла, што міжнародная супольнасць поўная рашучасці прыцягнуць да адказнасці вінаватых.

Нагадаем, 16 ліпеня прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін адрынуў заклік Аўстраліі, Нідэрландаў, Малайзіі і Украіны стварыць міжнародны трыбунал пад эгідай ААН. Перад ім мусілі б паўстаць асобы, якія вінаватыя ў трагедыі. Да закліку далучыўся і міністр замежных спраў Вялікабрытаніі Філіп Хэманд. Еўрасаюз запатрабаваў аддаць вінаватых пад суд. А дзяржсакратар ЗША Джон Керы заявіў, што самалёт быў збіты з тэрыторыі, якая кантралявалася баевікамі з "ЛНР" і "ДНР".

Фота: ria.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі