Суздальцаў: У бліжэйшы час з Беларусі з'едзе амаль мільён чалавек
Расійскі палітолаг Андрэй Суздальцаў лічыць, што “маўклівыя” акцыі пратэсту вычарпалі сябе, а беларусы апынуліся перад выбарам.
Еўрарадыё: У нядаўнім артыкуле, які прысвечаны Беларусі, вы робіце выснову, што “маўклівыя” акцыі пратэсту вычарпалі сябе. Гэта звязана толькі з тым, што мала людзей прыйшло ў апошнюю сераду?
Суздальцаў: “Гэта вельмі цікавы фармат. У сваім артыкуле я падтрымліваю яго ўсімі сіламі, бо гэта сапраўды народная творчасць, тое, чаго не хапала беларускаму грамадству ў барацьбе з рэжымам. Але гэтым трэба было не абмяжоўвацца. Арганізатары абмежаваліся толькі гэтым фарматам, вельмі цікавым фарматам, толькі не давялі яго да канца...
Не хапіла нейкага крэатыву, не хапіла палітычнага досведу, але гэта, тым не менш, было вельмі пазітыўна, цудоўна арганізавана на гэтым узроўні. Менавіта ў гэтым кірунку трэба рухацца, бо менавіта за ім стаіць дэмакратызацыя рэспублікі”.
Еўрарадыё: У сваёй публікацыі вы пішаце, што цяпер у беларусаў праблема выбару...
Суздальцаў: “Кожны грамадзянін робіць выбар: можна маўчаць, можна змірыцца, можна падтрымліваць нават беларускую ўладу, можна сабраць валізкі і з’ехаць, што зараз вельмі папулярна. Па прыблізных падліках, у бліжэйшыя месяц-два Беларусь пакіне амаль мільён чалавек”.
Еўрарадыё: Вы згадваеце словы кіраўніка афіцыйных прафсаюзаў Леаніда Козіка пра вылучэнне Аляксандра Лукашэнкі на Нобелеўскую прэмію ў галіне эканомікі, і кажаце, што гэта "здзеклівая выхадка". Ці ж сёння наменклатура можа сабе такое дазволіць?
Суздальцаў: “Наменклатура зараз неаднастайная. Сярэдняя наменклатура, бедная наменклатура, яна незадаволеная ўладамі. Гэта бедныя людзі, адказныя за ўсё... Вышэйшая наменклатура цудоўна ўсё разумее, што гэта ізаляцыя, што гэта нагода для анекдотаў і здзекаў усяго свету. Іх паводзіны, яны сапраўды здзеклівыя...".